2013-09-30 12:41:33

Святы Айцец: “запаведзь міру” упісана ў глыбіні рэлігійнай традыцыі


RealAudioMP3 Папа сустрэўся 30 верасня с прадстаўнікамі шматлікіх рэлігій свету, якія прыбылі на Міжнародную сустрэчу за мір у духу Асізі, арганізаваную Супольнасцю св. Эгідзія. Яна праходзіць у Рыме пад дэвізам “Мужная надзея – рэлігіі і культуры ў дыялогу”. Святы Айцец адзначыў, што сёння такія сустрэчы набылі як ніколі актуальнае значэнне. “Мы ніколі не можам змірыцца з болем цэлых народаў, закладнікаў вайны, беднасці, эксплуатацыі”, - сказаў Францішак. На яго думку, сёння ніхто не можа быць “абыякавым да трагедыі дзяцей, сем’яў, пажылых людзей, якія пацярпелі ад насілля”, не можа дазволіць тэрарызму сеяць смерць і боль. Пантыфік падкрэсліў, што “не можа быць ніякага рэлігійнага апраўдання насіллю, у якой бы форме яно не праяўлялася”.

Францішак лічыць, што лідэры розных рэлігій могуць зрабіць шмат для міру, перш за ўсё праз малітву. Тым больш, што “мір з’яўляецца абавязкам кожнага”. “Рэлігійны лідэр – гэта заўсёды чалавек міру”, - сказаў Святы Айцец, бо “запаведзь міру” упісана ў глыбіні рэлігійнай традыцыі. На думку Пантыфіка, дыялог – гэта яшчэ адзін сапраўдны сродак для дасягнення міру. Ён перакананы, што сёння ў свеце мала дыялогу, бо многім “цяжка выйсці з вузкага гарызонту сваіх уласных інтарэсаў”, каб адкрыцца для сапраўднай і шчырай сустрэчы. “Для міру нам патрэбны дыялог жывы, цярплівы, моцны, разумны, які нічога не ўпускае”, - перакананы Папа, бо такі “дыялог можа выйграць вайну”. Таму рэлігійныя лідэры павінны быць “партнёрамі па дыялогу” і яго пасрэднікамі, якія нічога не атрымліваюць для сябе, але самі шчодра расходуюць свае сілы, энтузіястамі культуры дыялогу і культуры сустрэчы.

На заканчэнне сустрэчы Святы Айцец папрасіў рэлігійных лідэраў прыкласці ўсе намаганні для міру ў Сірыі і на Блізкім Усходзе.

У мерапрыемствах, арганізаваных Супольнасцю св. Эгідзія ў рамках Міжнароднай сустрэчы за мір, прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх рэлігій свету, а таксама вядомыя культурныя і палітычныя дзеячы з больш чым 60-ці краін свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.