2013-10-01 14:42:25

Папа Францішак выказаў заклапочанасць становішчам кс. Уладзіслава Лазара


RealAudioMP3 Апостальскі нунцый у Беларусі сустрэўся 30 верасня 2013 г. з папам Францішкам. Падчас саракахвіліннай размовы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці расказаў Святому Айцу аб “жыцці і перспектывах Беларусі”. Асаблівую ўвагу Пантыфік прысвяціў сітуацыі Каталіцкага Касцёла ў краіне. Апостальскі нунцый паінфармаваў Пантыфіка аб становішчы кс. Уладзіслава Лазара, паведамляе інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (catholic.by). Святы Айцец выказаў сваю заклапочанасць і папрасіў, “каб яго асабіста рэгулярна інфармавалі аб развіцці гэтай сітуацыі”. Папа запэўніў усю каталіцкую супольнасць краіны ў сваёй асаблівай блізкасці і “бацькоўскай увазе да гэтай далікатнай сітуацыі”. Пантыфік папрасіў арцыбіскупа Гуджэроцці перадаць усім грамадзянам краіны цёплае прывітанне і запэўніў у сваёй малітве, павазе і сімпатыі.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 12 верасня 2013г. атрымала паходзячую ад дзяржаўных органаў інфармацыю аб затрыманні кс. Уладзіслава Лазара. Святар затрыманы органамі КДБ і знаходзіцца ў СІЗА КДБ у г. Мінску. Яму ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.

У бліжэйшыя дні Апостальскі нунцый сустрэнецца з Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці Папы і іншымі прадстаўнікамі Дзяржсакратарыяту, а таксама з кіраўнікамі некаторых ватыканскіх дыкастэрый і іншымі прадстаўнікамі Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.