2013-10-05 12:13:52

Арцыбіскуп Кандрусевіч адказаў крытыкам Касцёла ў Беларусі


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Кандрусевіч лічыць, што ў Беларусі неабходна фарміраваць клас палітыкаў і законатворцаў, якія б “і ў жыцці, і ў парламенце захоўвалі сваю хрысціянскую ідэнтычнасць”, “прымалі законы, базуючыся на Евангеллі і сацыяльным навучанні Касцёла, на маральных нормах, а не толькі шукаючы папулярнасці або ідучы за трэндамі, пануючымі ў свеце”. Аб гэтым ішла мова на пасяджэнні Папскай рады “Іustitia et pax”, якое праходзіла 2-4 кастрычніка ў Рыме і было прысвечана 50-годдзю энцыклікі Яна ХХІІІ “Pacem in terris”. У інтэрв’ю Беларускай праграме Ватыканскага радыё іерарх заявіў, што ў Беларусі пакуль няма каталіцкай вышэйшай навучальнай установы, на базе якой магла б адбывацца адукацыя будучых пакаленняў беларускіх палітыкаў, але ў гэтым напрамку прадпрымаюцца пэўныя крокі. Так, нядаўна ў Мінску быў адкрыты коледж тэалогіі.

Арцыбіскуп адказаў крытыкам, якія лічаць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі займае недастаткова актыўную грамадскую пазіцыю, мала ўдзельнічае ў фарміраванні грамадскай думкі і дыялогу па надзённых пытаннях, якія тычацца сацыяльнага навучання. Іерарх прызнаў, што крытыка мае права на існаванне і трэба заўсёды рабіць з яе высновы. “Але ці заўсёды гэта крытыка з’яўляецца справядлівай?”, - запытаў ён. На думку арцыбіскупа, трэба ўважліва прыглядзецца да дзейнасці Каталіцкага Касцёла, паслухаць казанні святароў і біскупаў, пачытаць пастырскія пасланні, заўважыць факты. Тое, што ў Беларусі была радыкальна скарочана лічба паказанняў для правядзення аборту, гэта адзін з прыкладаў, які гаворыць на карысць удзелу Касцёла ў вырашэнні грамадскіх пытанняў, прычым на базе супрацоўніцтва з іншымі канфесіямі, перш за ўсё, Праваслаўнай Царквой, лічыць арцыбіскуп Кандрусевіч.

Мітрапаліт заўважыў, што “лёгка крытыкаваць, седзячы за кампутарам”, і заклікаў крытыкаў-католікаў самім далучыцца да ініцыятыў, якія прадпрымае Касцёл. “Пры спатканні, я запытаюся такога чалавека, дзе ты быў, калі ў мінскай архікатэдры была св. Імша ў інтэнцыі абароны ненароджаных дзяцей?”, - сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Ці многія з тых, хто задае падобныя пытанні, і якіх я ведаю, былі на гэтай Эўхарыстыі?”, - дадаў ён. “Напэўна, трэба дасканаліцца, мы ўсе не дасканалыя, і, напэўна, не ўсё было зроблена, але, што зусім нічога не робіцца, з гэтым я не магу пагадзіцца”, - адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп лічыць, што сёння пасланне энцыклікі “Pacem in terris” актуальна не толькі для Касцёла ў Беларусі, але і ўсяго беларускага грамадства, бо ў ёй Ян ХХІІІ нагадаў пра розныя аспекты міру. “Мір – гэта не толькі адсутнасць вайны, гэта нешта большае”, - нагадаў іерарх. Ён адзначыў, што сёння як ніколі сталі актуальнымі пытанні, якія адносяцца да паняцця міру. “Сацыяльная справядлівасць, любоў да бліжняга, салідарнасць, дабрачынная дзейнасць, сям’я, пераадоленне ўсялякага роду крызісаў, справядлівы падзел матэрыяльных рэсурсаў, а таксама заканадаўства”, - гэтыя паняцці вельмі важныя сёння для Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.