2013-10-05 09:07:09

Папа да моладзі: не бойцеся рабіць рашучых крокаў у жыцці


RealAudioMP3 Каля 12 тыс. юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у сустрэчы з папам Францішам, якая прайшла 4 кастрычніка 2013 г. на плошчы перад базылікай Панны Марыі Анёльскай у Асізі. Напачатку Папа памаліўся ў гэтай святыні, а затым выйшаў да моладзі, каб адказць на некаторыя пытанні з якімі звярнуліся яе прадстаўнікі. Першае з пытанняў тычылася паклікання да сужэнства. Папа падкрэсліў, што яно з’яўляецца сапраўдным пакліканне, як пакліканнем да святарства ці манаскага жыцця. Францішак заклікаў давяраць Богу і не баяцца цяжкасцяў. “Падумаем пра нашых бацькоў, дзядуль і бабуль: яны жаніліся ва ўмовах бяднейшых за нашы, некаторыя ў часы вайны, ці пасляваенныя; некаторыя былі эмігрантамі, як мае бацькі. Дзе яны знаходзілі сілы? Ва ўпэўненасці, што Пан з імі, што сям’я – благаслаўлёная Богам праз сакрамэнт сужэнства, і што місія нараджэння дзяцей свету і іх выхавання, благаслаўлёная. З гэтай ўпэўненасцю яны перамагалі нават самыя цяжкія выпрабаванні”, - сказаў Папа.

Ён адзначыў, што сёння грамадства аддае перавагу індывідуальным правам, адносінам, які трываюць пакуль не пачынаюцца цяжкасці, і таму, часам, пра пару, сям’ю і сужэнства кажуць павярхоўна і недарэчна. “Дастаткова паглядзець некаторыя тэлевізійныя праграмы!”, – сказаў Францішак.

Папа адзначыў каштоўнасць шматлікіх касцёльных ініцыятываў, якія дапамагаюць моладзі лепш падрыхтавацца да сужэнства. Яны арыентаваны на ўсіх: маладых людзей у пошуку, пар у крызісе, бацькоў у цяжкасцях у адносінах з дзецьмі. “Фантазія Святога Духа бясконцая і вельмі канкрэтная!”, - сказаў Папа і заклікаў не баяцца рабіць рашучых крокаў ў жыцці, да якіх адносіцца сужэнства.

Францішак падзяліўся: “колькі разоў я чуў маці, якія мне казалі: “Ойча, я маю сына, якому 30 гадоў, але ён не жэніцца: не ведаю, што рабіць! Мае прыгожую нарачоную, але не вырашаецца. Але, спадарыня, не прасуйце яму больш кашулі! Вось так!”, - пажартаваў Папа.

Ён заклікаў моладзь паглыбляць сваю любоў, паважаючы час і выразы, маліцца, добра рыхтавацца да сужэнства і мець давер да Пана, які ніколі не пакіне. “Дазвольце яму увайсці ў ваш дом, як аднаму з членаў сям’і. Ён вас падтрымае заўсёды”, - сказаў Папа.

Між іншым Пантыфік заклікаў моладзь не баяцца паклікання да цэлібата і дзявоцтва дзеля Валадарства Нябеснага, на пачатку якіх заўсёды знаходзіцца моцны досвед сустрэчы з Богам, “сустрэчы якая не забываецца”.

Францішак нагадаў моладзі пра важнасць удзелу ў грамадскім жыцці і аб тым, што Евангелле тычыцца не толькі рэлігійнага жыцця, але ўсяго чалавека, свету, грамадства і цывілізацыі. “Тут, у Асізі, побач з Парцынкулай, мне здаецца, што чую голас св. Францішка, які паўтарае: “Евангелле, Евангелле!”. Ён кажа гэта таксама мне, нават, у першую чаргу мне: папа Францішак, будзь слугой Евангелля! Калі я не здолею быць слугой Евангелля, маё жыццё не каштуе нічога”, - падзяліўся Святы Айцец.

Пасля сустрэчы з моладзю, Папа накіраваўся ў санктуарый Рыварота – месца ў якім некаторы час жыў св. Францішак, пасля таго, як пакінуў бацькоўскі дом. Пасля гэтага, ён развітаўся з прадстаўнікамі касцёльных і свецкіх уладаў рэгіёна Умбрыя і выляцеў у Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.