2013-10-10 12:44:46

Папа да “Рыцараў Калумба”: быць сілай для духоўнага абнаўлення грамадства


RealAudioMP3 Працягваць пошук новых шляхоў, каб быць зачынам Евангелля ў свеце і сілай для духоўнага абнаўлення грамадства. З такім заклікам папа Францішак звярнуўся да членаў дэлегацыі буйной каталіцкай арганізацыі “Рыцары Калумба”. 10 кастрычніка 2013 г. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі ў Клеменційскай Зале Апостальскага палацу. Папа падзякаваў “Рыцарам Калумба” за малітву за яго і за патрэбы Касцёла ў свеце. Выказаў удзячнасць за падтрымку Апостальскай Сталіцы праз фонд “Vicarius Christi Fund” – знак салідарнасці з клопатам Наступніка св. Пятра аб Паўсюдным Касцёле, а таксама праз апостальскую дзейнасць, якую члены арганізацыі здзяйсняюць у мясцовых радах, парафіях і супольнасцях. “Малітва, сведчанне веры, увага да патрэбаў самых патрабуючых, няхай заўсёды будуць стаўпамі, якія падтрымліваюць вашу асабістую і супольную дзейнасць”, - пажадаў Папа. Пантыфік даверыў “Рыцараў Калумба” заступніцтву св. Юзафа, апекуна Святой Сям’і з Назарэта, які з’яўляецца прыкладам мужнай дабрачыннасці, сілы, цэласнасці і вернасці – цнотаў, якія члены арганізацыі намагаюцца захоўваць, развіваць і перадаваць будучым пакаленням католікаў.

“Рыцары Калумба” з’яўляюцца самай буйной у свеце асацыяцыяй свецкіх вернікаў – у яе уваходзяць каля 1,8 млн. чалавек, якія займаюцца дабрачыннай і евангелізацыйнай дзейнасцю. За 2012 г. імі была сабрана рэкордная колькасць ахвяраванняў – 167,5 млн. долараў. Акрамя свецкіх католікаў у арганізацыю ўваходзяць больш за 100 іерархаў, з якіх 11 кардыналы.








All the contents on this site are copyrighted ©.