2013-10-11 12:35:56

Святы Айцец: наіўны той, хто кажа, што д’ябал не існуе


RealAudioMP3 Трэба пастаянна сцерагчыся падману д’ябла, а наследуючы Езуса ў барацьбе са злом, не можна затрымлівацца “на паўдарозе”. У гэтым змаганні трэба быць верным праўдзе, сказаў Папа 11 кастрычніка 2013 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дому св. Марты. Францішак звярнуў увагу, што на працягу гісторыі існавалі спробы абмежаваць значэнне асобы Езуса, у лепшым выпадку да лекара. Менавіта такое разуменне перакачавала ў нашы часы. Пантыфік заклікаў не паддавацца падману аб неіснаванні д’ябла. Ёсць сучасныя каментатары Святога Пісання, якія кажуць, што апантаныя ў часы Езуса былі ўсяго толькі псіхічна хворымі. “Мы не маем права спрашчаць гэтыя рэчы. (...) Існаванне д’ябла пацвярджаюць першыя старонкі Бібліі. Біблія таксама завяршаецца словамі аб прысутнасці д’ябла, аб перамозе Бога над д’яблам”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік назваў “наіўнымі” тых, хто гаворыць аб неіснаванні сатаны. Ён заўважыў, што Бог дае нам некаторыя крытэрыі, каб “разглядзець” прысутнасць зла і ісці па “хрысціянскай дарозе праз спакусы”. Адзін з крытэрыяў – не затрымлівацца “на паўдарозе” ідучы па шляху змагання Езуса над злом. Хрыстус прыйшоў, каб знішчць д’ябла, каб даць нам вызваленне ад рабства сатаны. І гэта не перабольшванне, адзначыў Пантыфік. Ідзе барацьба, дадаў ён, барацьба за вечнае збаўленне. “Мы павінны заўсёды заставацца пільнымі - сказаў Папа, - бараніцца ад падману, бароцца супраць спакусаў зла”.

Францішак запрасіў кожнага спытаць сябе, наколькі моцна ён дбае пра сваю душу, свае пачуцці і думкі, ахоўвае скарбы ласкі, ахоўвае прысутнасць Святога Духа ў сабе? “Калі ты не ахоўваеш гэта, прыдзе той, хто мацнейшы за цябе!”, - перасцярог Папа маючы на ўвазе сатану.

Святы Айцец падагульніў свае разважанні трыма думкамі: гэта праўда, што д’ябал існуе і што Езус змагаецца з ім; хто не з Езусам, той супраць Яго; трэба быць пільным, бо д’ябал хітры. Прычым пільнасць павінна быць пастаяннай, бо аднойчы адчужаны, д’ябал вяртаецца, і стан чалавека становіцца горшым ад папярэдняга.

Святы Айцец адзначыў, што мэта яго разважанняў – не спалохаць слухачоў, але сказаць аб тым, што ёсць на самой справе. “Гэта Евангелле! Гэта – не падман, гэта – слова Пана!”, - падкрэсліў ён. Папа заклікаў прасіць Хрыста аб ласцы “сур’ёзна адносіцца да гэтых рэчаў”. “Езус прыйшоў, каб змагацца за наша збаўленне. Ён перамог д’ябла! Калі ласка, не будзем уваходзіць у адносіны з д’яблам, які спрабуе вярнуцца дадому, каб завалодаць намі”, - адзначыў Францішак і заклікаў пастаянна чуваць і заўсёды быць з Езусам.







All the contents on this site are copyrighted ©.