2013-10-14 12:22:44

Францішак: існуе патрэба ў кіслародзе Евангелля


RealAudioMP3 У наш час асабліва патрэбны пераканаўчыя сведкі, якія жыццём, а таксама словам зробяць бачным Евангелле, абудзяць захапленне Езусам Хрыстом і прыгажосцю Бога. Такога меркавання прытрымліваецца папа Францішак. На яго думку, у нашу эпоху, якая характарызуецца абыякавасцю да Бога, асабліва важна абудзіць сэрцы і розум сучаснікаў на жыццё верай. “Вера – гэта дар Божы, але важна, каб мы, хрысціяне дэманстравалі канкрэтны спосаб жыцця ёй, праз любоў, згоду, радасць, пакуты, таму што гэта выклікае пытанні, як на пачатку існавання Касцёла: “Чаму яны жывуць так? Што іх падштурхоўвае?”, - сказаў Папа. З такімі словамі Святы Айцец звярнуўся 14 кастрычніка 2013 г. да ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай рады па новай евангелізацыі, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Клеменційскай Зале Апостальскага палацу Ватыкана. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 50 чалавек.

На думку папы Францішка неабходна працягваць пазбаўляцца ад “непатрэбных і шкодных рэчаў, фальшывых марных бяспекаў, якія абцяжарваюць Касцёл і шкодзяць яго сапраўднаму абліччу”.

“Ёсць патрэба ў хрысціянах, якія зробяць бачнай для людзей міласэрнасць Бога, яго пяшчотнасць да кожнага стварэння (...) Таму новая евангелізацыя, (...) не можа не карыстацца мовай міласэрнасці, якая ў першую чаргу складаецца з жэстаў і паводзін, а ўжо затым словаў”, - сказаў Папа. Паводле Францішка, кожны хрысціянін павінен быць “хрыстафорам”, носьбітам Хрыста, як казалі ў старажытнасці святыя айцы і ўсе павінны спытаць сябе – ці тыя, каго сустракаем, адчуваюць у нашым жыцці цяпло веры, ці бачаць у нашых абліччах радасць сустрэўшых Хрыста?

Францішак падкрэсліў, што для Касцёла важна выходзіць на сустрэчу з іншымі, асабліва тымі, хто згубіў веру, мае іншую, або думае інакш. “Існуе патрэба ў кіслародзе Евангелля, подыху Духа Уваскрослага Хрыста, які зноў запаліць сэрцы”, - сказаў Папа.

У планаванні новай евангелізацыі Пантыфік заклікаў не губляцца ў другасных і павярхоўных рэчах, але “канцэнтравацца на фундаментальнай рэальнасці, якой з’яўляецца сустрэча з Хрыстом, Яго міласэрнасцю і любоўю, а таксама любоў да братоў, якой Ён палюбіў нас”.

“Мы можам спытаць сябе: якім з’яўляецца душпастырства ў нашых дыяцэзіях і парафіях? Ці робіць яно бачным самае галоўнае? Розныя досведы, характарыстыкі, ідуць разам у гармоніі якую дарыць Святы Дух? Ці наша душпастырства дысперсіўнае, фрагментарнае, у якім, напрыканцы, кожны ідзе куды хоча?”, - спытаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў важнасць катэхізацыі, як моманту евангелізацыі. “Гэта каштоўнае служэнне для новай евангелізацыі, якое ажыцяўляюць катэхеты, і важна, каб бацькі былі першымі катэхізатарамі, першымі настаўнікамі веры ва ўласнай сям’і, праз сведчанне і слова”, - сказаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.