2013-10-23 17:03:10

Хрысціянства і літаратура. Даніэль Дэфо (ІІ)


Сёння мы працягваем знаёміцца са знакамітым Даніэлям Дэфо, аўтарам славутага рамана «Рабінзон Круза».

«Бацька» журналістыкі і чарговае падзенне

У мінулай перадачы мы спыніліся на тым, як Даніэлю Дэфо ўдалося перажыць пакаранне ля ганебнага слупа ды выйсці з турмы. Пасля зняволення Дэфо стаў адзіным рэдактарам новай газеты, мэтай якой была падтрымка палітыка, які спрыяў яго вызваленню. У руках Дэфо газета хутка стала самым папулярным выданнем з вялікім тыражом. Яна не толькі аказвала ўплыў на грамадскую думку, але і задала зусім новы кірунак у падачы газетнага матэрыялу. Дзякуючы менавіта гэтай газеце, Дэфо пазней назвалі бацькам сучаснай журналістыкі (а можа і сучаснага PR-у?).

Але праз дзевяць гадоў Дэфо ізноў спасціг цэлы шэраг горкіх няўдач, і выданне газеты цалкам спынілася. Сілы Дэфо былі амаль на зыходзе, ён выглядаў нашмат старэйшым за свае пяцьдзясят чатыры гады, і ў ацэнцы уласнага жыцця ён, нарэшце, перайшоў ад жалю да сябе самога да ўсведамлення свайго краху. Гэты новы прыліў пакоры і самакрытыкі пачаўся ў яго падчас сур'ёзнай хваробы, якая паклала яго ў ложак на некалькі тыдняў. Ён толькі і мог у гэты час думаць пра свае жыццёвыя ўзлёты і падзенні.

Боль ад разбітага славалюбства змянілася раскаяннем, што ён так ганебна занядбаў сваю сям'ю дзеля асабістага поспеху. Перад яго позіркам паўсталі ягоныя ўпартыя спробы пазбавіцца хрысціянскай маралі, у якой ён быў выхаваны з дзяцінства, і як ў яго жыцці і светапоглядзе паступова адбылася змена.

Рабінзон Круза

Найбольш маляўніча Дэфо апісаў свой зварот да Хрыста ў сваім знакамітым рамане «Рабінзон Круза». Рэлігійныя перажыванні Круза - гэта ні што іншае, як духоўная аўтабіяграфія самага Дэфо. Круза давялося некаторы час знаходзіцца на незаселенай выспе, якую ён назваў «востравам адчаю». Таксама як і Дэфо, Рабінзон Круза перажывае хваробу, якая садзейнічае яго навяртанню да Бога.

Давайце звернемся непасрэдна да самога тэксту рамана, да тых месцаў, якія савецкія перакладчыкі рупліва выкрэслівалі са сваіх перакладаў. Напрыклад, вось як Рабінзон апісвае сваё паступовае навяртанне: «Але цяпер, калі я захварэў, (...) маё сумленне, што так доўга спала, пачало абуджацца. Я пачаў папракаць сябе за сваё мінулае жыццё...». Ды трошкі далей: «І я ўзмаліўся: "Госпадзе, будзь мне абаронай, бо я знаходжуся ў вялікім суме!" Гэта была мая першая малітва, калі можна назваць яе малітвай, якую я сказаў за многія гады».

Таксама і ў іншым месцы: «Памятаю, аднак, што калі я адчыніў Біблію ў выпадковым месцы, то на вочы мне трапілі наступныя словы: "А тады пакліч Мяне ў дзень бяды, і Я ўратую цябе, і ты будзеш ганараваць Мяне" . У іншым месцы Рабінзон апісвае сваё малітоўнае правіла: «Раніцай я ўзяў Біблію і, пачынаючы з Новага Запавету, стаў сур'ёзна чытаць яе. Я вырашыў, што маім правілам будзе чытаць яе кожную раніцу і кожны вечар, не абмяжоўваючыся акрэсленай колькасцю раздзелаў, але да таго моманту, пакуль буду здольны быць уважлівым».

Удзячнасць Провіду

Чытаючы раман Дэфо далей, мы можам бачыць чарговыя этапы доўхоўнага жыцця чалавека. Паступова ўнутраны свет Рабінзона перамяняецца: «Жыць мне цяпер было значна лягчэй, чым раней, як у фізычным, гэтак і ў маральным сэнсе. Калі я сядаў есці, то часта спаўняўся глыбокай удзячнасцю да шчодрага провіду, які прыгатаваў мне стол у пустыні. Я навучыўся звяртаць увагу на больш светлыя, чым цёмныя бакі маёй сітуацыі, ды памятаць болей пра тое, што маю, чым пра тое чаго мне не хапае. І гэта прыносіла мне хвіліны невыказнай унутранай радасці. Кажу гэта для тых няшчасных людзей, якія заўжды ўсім незадаволеныя, якія спакойна не могуць атрымоўваць задавальненне ад дараваных ім дабротаў, бо ім заўсёды хочацца нечага такога, чаго ў іх няма. Усе нашыя нараканні з той нагоды, што нам нечага бракуе, паходзяць, як мне здаецца, ад недахопу ўдзячнасці за тое, што мы маем».

Словы Круза ў дакладнасці апісвалі тое, што перажыў сам Дэфо. Ён адчуў блізкасць Збавіцеля, Які адказваў на яго малітвы, ён таксама перажыў вялікую перамену свайго характару. Сапраўды, усе яго густы і схільнасці змяніліся, калі Бог увайшоў у яго жыццё, так што ва ўсіх адносінах ён стаў новай асобай.

Дэфо хутка пасоўваўся наперад у сваім духоўным жыцці, бо ён з дзяцінства быў добра навучаны сваімі шчыра веруючымі бацькамі. Усё тое, што ён ведаў пра Біблію і пра Госпада, тое, што было прыхавана на працягу такога доўгага часу, вельмі дарэчы прыдалася. Дэфо стаў з дапамогай пяра сведчыць і тлумачыць іншым тую перамену, якая адбылася ў ягоным жыцці. Ім быў напісаны яшчэ цэлы шэраг раманаў, якія сёння, праз 300 гадоў усё яшчэ выдаюцца і не страцілі сваёй актуальнасці.

На працягу пятнаццаці гадоў пасля свайго звароту Дэфо імкнуўся прымаць самы актыўны ўдзел у хрысціянскай працы, усведамляючы віну за страчанае мінулае. Калісьці пыхлівы кар'ерыст, ён стаў цяпер пакорным, шчырым і дабрасардэчным чалавекам, які клапаціўся аб душах навакольных людзей. Даніэль Дэфо памёр ў 1731 годзе. 26 красавіка ён лёг спаць у апошні раз, а да раніцы назаўжды пакінуў свой зямны «востраў адчаю».

Думаю, што не будзе перабольшваннем сказаць, што кожны з нас у пэўным сэнсе з'яўляецца Рабінзонам Круза, які мае шмат працы на сваёй дзікай выспе. Каб гэта выспа не ператварылася ў «востраў адчаю» нам дадзена Провідам Святое Пісанне... Мне ж, сябры, застаецца толькі традыцыйна развітацца: добрага вам чытання!

а. Андрэй Буйніч









All the contents on this site are copyrighted ©.