2013-10-23 17:04:58

Хрысціянства і літаратура. Роберт Льюіс Стывенсан (І)


У мінулай перадачы мы пазнаёміліся са знакамітым Даніэлям Дэфо, славутасць якому прынёс яго раман пра «востраў адчаю». Вось жа не толькі аднаго яго мы можам залічыць да «астравіцянаў» у мастацкай літаратуры. Таксама, як імя Даніэля Дэфо ўзгадваюць, калі чуюць назву кнігі «Рабінзон Круза», гэтак і гэта імя ўзгадваюць, калі чуюць назву «Востраў скарбаў»!.. Канешне, гэта ён – пісьменнік-легенда, класік ангельскай літаратуры – Роберт Льюіс Стывінсан.

Дзяцінства і юнацтва

Робэрт Льюіс Стывэнсан, нарадзіўся 13 лістапада 1850 года ў Эдынбургу, памёр жа 3 снежня 1894 года ў Ваіліма, Самоа). Стывэнсан нарадзіўся ў Эдынбургу (Шатляндыя). І хоць пісаў ён на ангельскай мове, то ён ніколі не выракаўся сваёй шатландскай тоеснасці. Яго бацька, Томас Стывэнсан, і дзядуля, Робэрт Стывэнсан, былі архітэктарамі і інжынерамі марскіх маякоў. Маці будучага пісьменніка і паэта звалі Маргарэт Бэлфур. Яна была дачкой святара – хутчэй за ўсё нацыянальнай прэсвітэрыянскай царквы Шатладыі - дакладна высветліць гэта ў мяне не атрымалася.

Пад час хрышчэння будучы літаратар атрымаў імя Робэрт Льюіс Бэлфур. Ад нараджэньня хлопчык меў слабае здароўе, ён хварэў (як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі) пэўнай формай сухотаў. Узімку ён праводзіў дні разам з сядзелкай, якая чытала яму Біблію. Улетку, Робэрта гэтак жа абмяжоўвалі ў гульнях на адкрытым паветры. Паводле словаў самога Лу (так скарочана яго клікалі ў сям'і), яму была «больш знаёмая «краіна Ложка», чым зялёнага саду».

Бацька марыў што Робэрт будзе інжынерам, спецыялістам па маякам – таксма як ён і дзед. З гэтай мэтай Робэрт Льюіс паступае ў Эдынбурскую Акадэмію, але праз нейкі час, асягнуўшы зрэшты некаторыя поспехі, ён рашуча адмаўляецца быць інжэнерам. Бацька пераконвае яго перайсці на юрыдычны факультэт, мяркуючы што гэта прафесія гарантуе яму больш забяспечанасці, чым літаратурная дзейнасць. Юрыдычны факультэт ён сканчвае ў 1875 годзе. Але атрымаўшы адвакацкі дыплём, Стывэнсан не працаваў па спэцыяльнасьці з-за здароў’я, а таксама з-за першых пісьменніцкіх посьпехаў.

Жыццё ў падарожжах

З 1873 па 1879 г. Стывэнсан жыў пераважна ў Францыі. У гэтыя гады ён зьдзейсьціў шматлікія падарожжы па Францыі, Нямеччыне і сваёй Шатляндыі. Вынікам гэтых падарожжаў сталі дзьве кнігі «Падарожжа унутры краіны» (Іn Inland Voyage, 1878 год) і «Вандроўка аслом у Чэвэне» (Travels with a Donkey in the Cevennes, 1879).

У французскай вёсцы Гроз, пісьменнік пазнаёміўся з Фаньні Осбарн, амэрыканкай, якая была старэйшая за яго на дзесяць гадоў. Фаньні Осбарн разышлася з мужам і разам з трыма дзецьмі жыла ў Эўропе. Стывэнсан закахаўся ў яе і, пасьля таго, як развод быў аформлены, 19 траўня 1880 года яны ажаніліся ў Сан-Францыска. Іх сумеснае жыцьцё суправаджалася бесперапынным клопатам Фаньні пра здароўе мужа. Стывэн пасябраваў з яе дзецьмі і, праз некаторы час, пасынак Сэмюэль Осбарн, стаў сааўтарам трох яго кніг.

Асаблівае падарожжа

Дарэчы з каханнем да Фаньні Осбарн звязанае яшчэ адно асаблівае падарожжа Стывенсана. Як апавядае ў сваёй кнізе даследчык Урнаў, напачатку жніўня 1879 года Роберт Льюіс атрымаў ад каханай ліст, якая ўжо нейкі час знаходзілася ў Каліфорніі. Змест лісту застаўся невядомым – некаторыя мяркуюць, што яна пісала пра сваю хваробу. Стывенсан у адзін момант сабраўся і ўжо сёмага жніўня на параходзе адплыў у Нью-Йорк. Яго не затрымала ані цяжкая хвароба, ані недахоп грошаў, ані складаныя ўзаемаадносіны з бацькам, ані рады сяброў ў сулучнасці з тым фактам, што Фаньні заставалася яшчэ замужняй жанчынай і яшчэ было не вядома, ці зможа яна атрымаць развод... Карацей, яго нішто не затрымала.

Далей, на шляху ў Каліфорнію, да хваробы дадаліся стомленасць і нервовае напружанне. Умовы падарожжы былі цяжкімі нават для здаровага чалавека. Калі Стывінсан прыехаў у Сан-Францыска, то не знайшоў Фаньні на месцы – яна пераехала ў Мантэрэй, былую сталіцу Каліфорніі. Да гэтага гарадку з Сан-Францыска каля 150-ці міль. Стывінсан сядлае каня і на кані нястомна едзе ўслед той, якую кахае. Аднак не даехаўшы 18-ці міль да месца, ён адчуў сябе зусім блага. Дзве начы ён ляжаў пад дрэвамі без прытомнасці, пакуль яго не знайшоў стары паляўнічы на медзвядзёў. Шмат дзён ён адлежваўся на ранча ў паляўнічага, пакуль ізноў змог працягнуць сваё падарожжа.

Гэта гісторыя добра паказвае, якім быў Стывінсан. Трэба самому быць уладальнікам «мужнага аптымізму», перад тым, каб спраектаваць яго на паперу. Усё сваё жыццё (а пражыў ён усяго 44 гады) Роберт Льюіс, нягледзячы на хваробу прыкладаў звышмаксімальныя высілкі да ўсяго, што рабіў. Вось як ён піша ў адным са сваіх лістоў: «...Я працую нястомна. Пішу ў ложку, пішу, калі ўстаю з яго, пішу пры крывацёку з горла, пішу зусім хворы, пішу, калі мяне трасе ад кашлю, пішу, калі мая галава развальваецца ад стомы, і ўсё ж я лічу, што перамог, з гонарам падняўшы пальчатку, якую кінуў мне лёс».

Што кіравала Стывенсанам? Адкуль ён чэрпаў сваю унутраную энергію? На гэтыя пытанні паспрабуем адказаць у наступнай перадачы. Тым жа, хто зараз пойдзе шукаць на паліцы «Востраў скарбаў» - добрага вам чытання!

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.