2013-10-23 17:06:41

Хрысціянства і літаратура. Роберт Льюіс Стывенсан (ІІ)


RealAudioMP3 У мінулай перадачы мы пазнаёміліся з класікам ангельскай літаратуры – Робертам Льюісам Стывінсанам.

У мінулай перадачы я звярнуў ўвагу, што Стывенсану ўласцівы «мужны аптымізм», што добра бачна з яго біяграфіі, якую мы мінулы раз таксама закранулі. У яго творах героямі становяцца маладыя людзі, якія апынуўшыся перад абліччам зла, не знеахвочваюцца, але мужна ідуць наперад і перамагаюць. Гэта і ёсць «гераізм слабых», які з'яўляецца асноўнай рысай хрысціянскага твору.

Унутраны канфлікт

Аднак, ці быў Стывенсан практыкуючым хрысціянінам? Напэўна было б памылкай сказаць, што ён ім быў. Некаторыя даследчыкі пішуць пра яго бурную маладосць. Колькі ў гэтым праўды – цяжка сказаць... Але напэўна ўзорам пабожнасці ў маладосці ён не быў. Пра што можам сказаць дакладна, дык гэта тое, што ён жыў у значна больш рэлігійным грамадстве, чым мы з вамі сёння, і гэта рэлігійнасць была хрысціянскай.

Светаўспрыманне Стывенсана ўступае ў канфлікт з хрысціянскімі каштоўнасцямі грамадства, яго ўласнай сям'і. Пачуццё граху, закіды сумлення, раздвоенасць чалавечай прыроды – усё гэта ён перажываў на ўласнай скуры. Адлюстраваннем гэтага ўнутранага канфлікту можа быць яго раман «Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містара Хайда». Сам Стывенсан, казаў пра чытачоў і крытыкаў, якія напачатку не звярнулі ўвагу на яго новую кнігу: «Я расчапіў сваё «я», а яны нават не заўважылі».

Чалавек без сумлення

Сюжэт кнігі палягае на ўяўленні таго, што будзе, калі раптам з'явіцца магчымасць узяць сабе «адпачынак ад законаў маралі». Доктар Джэкіл вынайшаў сродак, які, калі яго выпіць, пазбаўляе яго сумлення, пакідае ў ім толькі самыя найгоршыя схільнасці ды перамяняе яго ў чалавека, якога ён сам называе містарам Хайдам. Такім чынам Хайд можа сабе грашыць без згрызотаў сумлення. Каб вярнуцца ў папярэдні стан, яму толькі і трэба - зноў выпіць адпаведны сродак.

Аднак унутраная барацьба працягваецца ды ўрэшце рэшт наступае момант, калі Хайд ужо не можа пераўтварыцца ў доктара Джекіла. Гэта драматычнае заканчэнне можа быць сваеасаблівым вызнаннем Стывенсана, што нельга адначасова служыць дабру і злу, але трэба вызначыцца на якім ты баку.

Бачым, што крытычным пунктам разважанняў рамана з'яўляецца сумленне. Стывенсан верыць у сумленне, шукае дарог і сцежак, каб не быць з ім у канфлікце. Мы ж, хрысціяне, ведаем з Катэхізісу Каталіцкай Царквы, што сумленне – гэта голас Бога ў нутры чалавека. Так, што хоць напэўна Стывенсан і не сустрэў Ісуса Хрыста ў сваім жыцці, як асобу, але меў унутранае перакананне, што трэба вярнуцца ў стан цэльнасці, паяднання з самім сабой.

Самоа

У пошуках як найлепшага клімату для сваіх лёгкіх Стывенсан з сям'ёй пераязджае на адну з выспаў архіпелагу Самоа. (Цяпер гэты востраў належыць дзяржаве Заходняе Самоа). Тут Роберт Льюіс будуе дом ды ўвогуле плануе затрымацца на доўга. Мясцовыя жыхары назвалі яго «апавядальнік» - па-самоанску «тусітала». А гэта таму, што распавядаў ім розныя гісторыі ды насіў з сабою сшытак, у які рупліва пісаў. Хутка «тусітала» заваяваў іх давер і павагу.

Так здарылася, што калі Стывенсан быў на Гавайскіх выспах, ён пабачыў дзяўчыну хворую праказай. Яна чакала адпраўкі ў лепразорый разам са сваёй маці, якая яе суправаджала. Чужая бяда моцна ўразіла ды ўсхвалявала Льюіса. Ён адчуў сябе бязрадным перад такім цярпеннем, таму даў ім грошы, каб хоць нейкім чынам дапамагчы. Пасля гэтага выпадку Стывенсан сам едзе ў лепразорый і, не гледзячы на небяспеку самому захварэць, напрацягу тыдня дапамагае і апякаецца пракажонымі.

Аднойчы, калі пісьменнік шпацыраваў, насустрач яму трапіўся адзін са знаёмых яму пракажоных. Гэта быў мужчына, які ў зубах трымаў цыгару, што была адзінай раскошай мясцовых жыхароў. Хворы пазнаў Стывенсана, пачаў яму пасміхацца ды з ветлівасці, ад усяго сэрца, запрапанаваў яму... свой акурак. Канешне, Роберт Льюіс добра ўсведамляў сабе, што праказа заразна... Аднак, ён не хацеў пакрыўдзіць небараку. Шляхетным жэстам ён прыняў цыгару, зацягнуўся, вярнуў яе, ды падзякаваўшы кіўком, пайшоў сваёй дарогай.

3 снежня 1894 года Стывенсан памёр на сваім востраве, але не ад хваробы лёгкіх, а ад інсульту. Яго пахавалі на вяршыні гары. Хутка на магіле паставілі камень з яго вершам:

Пад небам шырокім і зорным / пакладзіце ў магілу мяне
Рады жыць быў я, рады памерці - / сярод вас маё слова жыве.

Гэта слова – мой верш надмагільны, / Прачытае яго нехта ізноў:
«Я – марак, той што з мора вярнуўся дамоў, / Паляўнічы, што з гораў да хаты прыйшоў».

Ну вось неяк так: усе мы паляўнічыя і маракі, адысэі, якія шукаюць сваю дарогу дамоў. А ў гэтым нам дапамагае хрысціянства і літаратура – а таму: добрага вам чытання.

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.