У мінулых перадачах
мы пазнаёміліся з двумя, так бы мовіць, кітамі ангельскай літаратуры 20-га стагоддзя
– Дж.Р.Р. Толкінам і яго сябрам Клайвам Стэйплзам Стэнлі Льюісам.
Сёння я хачу
вам адкрыць, калі вы не ведалі, што гэтыя два пісьменніка мелі свайго папярэдніка
і, без вялікага перабольшавання можна сказаць, настаўніка ў галіне хрысціянскай літаратуры.
Хто гэта? О, ён вялікі раманіст, навеліст, эсэіст, хрысціянскі апалагет... Напэўна
некаторыя ўжо здагадаліся – гэта вялікі (і не толькі сваімі памерамі) Гільберт Кійт
Чэсцертан!
З чаго пачаць?
З чаго пачаць аповед пра Чэсцертана?
Гэта вельмі цяжка, бо быў ён надзвычай разнабаковай і шматграннай фігурай. Што ж,
калі я ўжо ўзгадаў пра фігуру, то хачу зазначыць, што яго рост складаў 1 м 93 см,
а важыў ён 130 кілаграм. Сам ён ганарыўся сваімі памерамі і любіў над сабой жартаваць.
Магу памыліцца, аднак мне здаецца, што жартаванне, асаблівы гумар – гэта той ключ,
які можа дапамагчы нам даведацца пра гэтага незвычайнага чалавека.
Вось як
пра яго гумар гаворыць Клайв Льюіс, які ў маладосці (у 1916 годзе) ляжаў ў ваенным
шпітале ды чытаў зборнік эсэ Чэсцертана: ...Я ніколі не чуў пра яго і не меў паняцця
чаго ён хоча; да гэтуль не магу зразумець, як гэта ён адразу захапіў мяне... Я не
быў забавязаны прымаць усё, што казаў Чэсцертан, каб атрымліваць ад яго радасць. Яго
гумар акурат такі, які я люблю – не звычайныя жартачкі, разкіданыя па тэксту, нібы
радзынкі ў пірагу, ды не той ветрагонна-балбатлівы тон (не магу такі зносіць), які
сустракаецца ў шматлікіх пісменнікаў; гумар Чэсцертана немагчыма аддзяліць ад самой
сутнасці спрэчкі, Арыстоцель мог бы назваць яго кветненнем дыялектыкі. Шпага блішчыць
у праменнях сонца не таму, што пра гэта клапоціцца фехтавальшчык, проста бой ідзе
не на жарт і рухі вельмі хуткія (К.С.С.Льюіс, "Здзіўлены радасцю").
Шматбаковасць
асобы Чэсцертана відаць таксама па ягонай творчасці. Трактат «Вечны Чалавек» лічыцца
шматлікімі чытачамі, як найлепшая хрысціянская апалогія XX-га стагоддзя, з другога
ж боку серыя апавяданняў пра айца Браўна — гэта класіка дэтэктыўнага гатунку. Будзем
спадзявацца, што ў нашых перадачах мы дакранемся розных аспектаў творчасці Чэсцертана,
але ўсё ж спачатку дазвольце мне распавесці пра яго агульныя біяграфічныя звесткі.
Агульныя
звесткі
Гільберт Кійт Чэсцертон жыў напрыканцы 19-га і пачатку 20 стагоддзя
(1874 – 1936). Нарадзіўся ён у 1874 годзе ў англіканскай сям'е ў Лондане; скончыў
школу, потым вычыўся выяўленчаму мастацтву, хадзіў на літаратурныя курсы ў ўніверсітэцкі
коледж, але не скончыў навукі. Прыкладна ў гэты час Чэсцертан са сваім братам наведваюць
спірытычныя сеансы, што было хутчэй юнацкай цікавасцю, чым духоўным пошукам.
У
1896 годзе Чэсцертан уладкоўваецца ў лонданскі выдаўнічы дом Redway і T. Fisher Unwin,
дзе працуе да 1902 года. У гэты ж час ён таксама выконвае сваю першую журналісткую
працу, як фрылансер і літаратурны крытык. У 1901 годзе Чэсцертан ажаніўся з Фрэнсіс
Блогг, з якой пражыў усё сваё жыццё. У 1902 яму запрапанавалі весці штотыднёвую калонку
ў газеце Daily News, якую ён вёў напрацягу 30 год.
У 1922 годзе, ва ўзросце
48 год ён перайшоў у каталіцтва. Чэсцертан і раней бы далучыўся да Каталіцкай Царквы,
але не зрабіў гэтага, бо не хацеў засмуціць сваю жонку. Зрэшты, чатыры гады пасля
таго, як да Каталіцкай Царквы далучыўся яе муж, тое ж самае зрабіла і яна.
Андрэй
Кураеў у адной з сваіх кніг піша, што гэты пераход у каталіцтва ёсць нібыта «крок
у пошуках традыцыі», што робіць яго блізкім да праваслаўнай царквы. На мой погляд
такое сцверджанне відавочна спекулятыўнае, бо ў 48 год наўрад хто меняе веравызнанне
з-за «традыцыі». Мяркую, што можа існаваць толькі адна прычына па якой Чэсцертан зрабіў
гэта – ён быў глыбока перакананы, што поўня праўды знаходзіцца ў Каталіцкай Царкве.
У
наш час часта адрываюць Евангелле ад Царквы, а Ісуса ад Евангелля. У «Адвечным чалавеке»
Чэсцертон вельмі ўдала пераадольвае гэтае ўяўнае супрацьпастаўленне: «Шмат чаго ў
Евангельлі нічым не абгрунтавана, тым больш не адлюстроўвае яно прызнаных релігійных
догм. Гісторыя Хрыста зусім не падобная на тое, што прынята называць "простым, не
сапсаваным Царквою Евангельлем". Я хутчэй бы сказаў, што Евангельле — таямніца, Царква
— разумна; Евангельле — загадка, Царква — разгадка».
На гэтым сябры, я развітваюся
з вамі. Калі хочаце атрымаць адказы ў сваім жыцці – чытайце Евангельле, калі хочаце
разгадаць Евангельле – будзьце ў Каталіцкай Царкве (вось так па Чэсцертану і па-праўдзе).
Ну і... добрага вам чытання!