2013-10-26 10:43:23

Беларусь: ватыканскі дыпламат сустрэўся з арыштаваным святаром


RealAudioMP3 Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці 25 кастрычніка 2013 г. сустрэўся з кс. Уладзіславам Лазарам, які ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ у Мінску. Як паведамляе інтэрнэт-партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (catholic.by), кс. Лазар “выглядае выпрабаваным турэмным зняволеннем, але цвярозым і рашучым”. Як сказаў ён сам падчас сустрэчы з ватыканскім дыпламатам, “арышт не перашкодзіў яму жыць глыбокім духоўным досведам”. Святар прызнаўся, што “з’яўляецца патрыётам, любіць Беларусь, чакае справядлівага рашэння” і “прабачыў тым, хто стаўся прычынай ягоных пакутаў”.

Сустрэча трывала каля гадзіны і адбывалася ў прысутнасці адказнага за следства і прадстаўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі, які выконваў абавязкі перакладчыка.

Апостальскі нунцый запэўніў арыштаванага святара ў асабістай блізкасці папы Францішка і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Ён перадаў кс. Лазару падарунак Пантыфіка – ружанец. Кс. Уладзіслаў папрасіў аб малітве за яго і зазначыў, што адчувае блізкасць Каталіцкага Касцёла.

Размова мела нефармальны, братэрскі характар і скончылася супольным пажаданнем, каб следства было завершана як мага хутчэй.







All the contents on this site are copyrighted ©.