2013-10-28 09:38:28

Усе праблемы сем’яў у свеце – гэта таксама праблемы беларускай сям’і (інтэрв’ю)


RealAudioMP3 Беларуская сям’я перажывае крызіс, але можна выправіць гэта становішча праз сістэматычную працу Касцёла, лічыць душпастыр сем’яў Пінскай дыяцэзіі, член Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кс. Пётр Бялевіч з Супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай. У гэтыя дні ён знаходзіцца ў Рыме, дзе з групай з Пінскай дыяцэзіі прымае ўдзел у міжнароднай пілігрымцы сем’яў у рамках Году веры. У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё святар шчыра распавёў пра выклікі, якія стаяць перад Касцёлам у Беларусі ў пытанні душпастырства сем’яў.

Кс. Пётр, скажыце, якая яна сённяшняя беларуская сямя?

Беларуская сям’я – гэта сям’я сучаснага свету. Усе праблемы, якія тычацца сем’яў у свеце, можна аднесці і да беларускай сям’і. Гэта праблема разводаў, праблема абортаў, нараджэння або ненараджэння дзіцяці, праблема алкагалізма, праблема граху распусты. Гэта з аднаго боку. З другога боку, як і ва ўсім свеце, ёсць і вельмі добрыя сем’і, якія даўно ўжо “саспелі”, каб быць адказнымі, працаваць дзеля дабра сваёй сям’і і іншых.

Калі мы шчыра размаўляем, мы павінны задаць пытанне: ці беларуская сям’я сёння, у тым ліку і каталіцкая, перажывае крызіс?

Так, так, перажывае крызіс.

Ці ёсць у Касцёла нейкія інструменты, каб дапамагчы?

Вельмі шмат інструментаў. Па-першае, гэта святыя сакрамэнты, Слова Божае, дакументы Касцёла, якія дэтальна кажуць аб адносінах мужа і жонкі. Сёння праводзяцца рэкалекцыі, якія прымушаюць мужа і жонку да шчырай размовы. Ёсць малітва за ненароджаных дзяцей – гэта таксама датычыцца сем’яў. Калі палічыць, у Беларусі каля 15 тыс. чалавек моліцца штодзённа за ненароджанае дзіця – гэта так званае духоўнае ўсынаўленне. Далей, у парафіях ладзяцца сустрэчы сем’яў. Не толькі дзеці прыходзяць на катэхезы, але і бацькі запрашаюцца, каб пабылі, паслухалі, адчулі сябе больш адказнымі за сваіх дзяцей. Для маладых людзей, якія жадаюць узяць шлюб, ёсць катэхеза. Яна праходзіць па-рознаму. Гэта звычайна 10 заняткаў, 10 гадзін катэхезы перад шлюбам. І што я заўважыў у Пінску – маладыя людзі вельмі ахвотна прыходзяць на гэту катэхезу. Я пытаю: “А вы дзесьці чулі такое ў свеце?” А яны адказваюць: “Не, айцец, упершыню ў нашым жыцці!”. А я кажу: “Гэта не мае словы. Гэта словы Каталіцкага Касцёла, гэта навука Касцёла”. Святое Пісанне. Людзі яго ўвогуле не ведаюць, калі было спатканне з 4 парамі, 8 чалавек, і я пытаю: “Хто з вас прачытаў цалкам Евангеллі ці адно з Евангелляў?”. Ніхто! А Евангелле трэба чытаць штодзённа, каб быць шчаслівымі.

Каб быць шчаслівымі – гэта вельмі важныя словы. Але справа ў тым, што Беларусь займае лідыруючую пазіцыю ў свеце (ужо не кажу пра Еўропу) па колькасці самагубстваў. І самагубствах часта спецыфічных, можна сказаць у сямейным кантэксце: калі маці забівае сваё дзіця, а потым сябе. І многія кажуць аб тым, што сённяшняя беларуская сям’я нешчаслівая. Па-першае, чаму так сталася? Чаму мы сёння, у 2013 годзе, у стагоддзі дабрабыту, вялікіх магчымасцяў для чалавека і сям’і, задаем сабе гэта пытанне – чаму сённяшняя беларуская сям’я нешчаслівая? Па-другое, чым мы можам дапамагчы?

Калі глядзець з духоўнага боку, інакш я як святар не магу гляздець, тут ёсць праблема веры, глыбокая праблема веры. Пачынаць трэба з катэхезы: на якім падмурку вы будуеце сваю любоў? Калі гэта толькі твае пачуцці, дзяўчына... Калі гэта толькі эгаізм з твайго боку, хлопец... Усё распадзецца. Трэба, каб была ваша вера, трэба, каб вы верылі – Бог абраў вас адзін для аднаго, каб вы падаравалі шчасце адзін аднаму. Існуе яшчэ адна праблема – людзі не цэняць самаго жыцця – свайго ці чужога – напрыклад, мы прывыклі, што ёсць аборты, забойства ненароджаных дзяцей. І мы гэтай праблемы не заўважаем. У Беларусі гэта праблема замоўчваецца.

Што тычыцца разводаў і ўвогуле сужэнскай здрады – для мяне быў жах, калі мяне запрасілі на ток-шоу на адзін з беларускіх тэлеканалаў, і там прысутныя размаўлялі на тэму здрады, як цалкам нармальнай рэчы. Вось запрасілі б на ток-шоу бабулю і дзядулю, якія разам 50 гадоў, каб яны патлумачылі, як добра быць разам. А яны запрасілі пару, дзе жонка і муж ведаюць аб здрадах адзін аднаго. А яны гэта і здрадай не называюць. Яны называюць гэта дагаворам – ён ідзе да гэтай жанчыны, а яна ідзе да гэтага мужчыны. І тут, слава Богу, падтрымала мяне адна псіхолаг, якая абазначыла такія паводзіны як дэвіацыйныя – г.зн. ненармальныя. Здаецца, што яны гэтага ў эфір не далі. І гэта паказвае, на якім узроўні знаходзяцца нашы СМІ – запрашаюць тых, а не іншых людзей.

Шмат працы перад намі, перад Касцёлам. І можна выправіць гэта становішча – гэта павінна быць сістэматычная праца Касцёла. Ніколі не можам сказаць, што я дастаткова зрабіў. Мы павінны працаваць настолькі, наколькі Бог дае сілы, дае сваёй ласкі. А Ён дае шмат, бо любіць чалавека. І Беларусь не забыта Богам, і Касцёлам, і Хрыстом.

Размаўляў кс. А. Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.