2013-10-28 14:01:10

Хрысціянства і літаратура. Джоан Кэтлін Роўлінг (IV)


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёміцца з творчасцю Джоан Кэтлін Роўлінг, на прыкладзе яе вядомай сэрыі кніг пра Гары Потэра.

Старадаўняя магія

У мінулай перадачы я распавёў ды патлумачыў, што такое цяжкрыжы і якую ролю яны адыгралі ў гісторыі пра Хлопчыка-які-выжыў. Нагадаю: цяжкрыж – гэта частка душы злога чараўніка (у нашым выпадку - Воландэморта), схаваная ў нейкім матэрыяльным прадмеце. Стварэння цяжкрыжоў – гэта забароненая магія ў свеце чараўнікоў, бо для гэтага трэба забіць іншага чалавека. Дзякуючы цяжкрыжам вораг Гары Потэра, Воландэморт, спадзяецца асягнуць несмяротнасць ды ўладу над светам.

Я ўжо распавёў пра шэсць цяжкрыжоў, якія стварыў сабе Воландэморт у надзеі на несмяротнасць. Ён выкарыстаў для гэтага розныя прадметы (дзеннік, пярсцёнак, медальён, кубак, дыядэму і змяю). Аднак сам таго не ведаючы, Той-чыё-імя-нельга-называць стварыў яшчэ адзін цяжкрыж...

Гэта адбылося ў тую ноч, калі Воландэморт прыйшоў забіць Джэймса і Гары Потэраў. Забойства маці Гары – Лілі Потэр – не ўваходзіла ў яго пляны. Ён хацеў яе пакінуць для свайго хаўрусніка, аднаго са сваіх пажырацеляў смерці, Сэвэруса Снэйпа, які... кахаў яе. Аднак злачынства пайшло не паводле плана.

Спачатку Волэндэморт забівае Джэймса Потера, потым мае намер забіць Гары. Лілі становіцца паміж забойцай і дзіцём, просячы забраць яе жыццё ўзамен за жыццё сына. Забойца вагаецца не доўга і, калі Лілі не адыходзіць, ён забівае жанчыну. Злачынца не разумее, што маці ахвяравала сваё жыццё за сына, а ён забіўшы яе, прыняў умовы магічнага пагаднення. У моц увайшла старадаўняя магія ахвяры: жыццё, аддадзенае за жыццё. Вось таму Той-чыё-імя-нельга-называць не змог забіць Гары: спроба забіць яго парушыла здзелку – Гары застаўся пры жыцці, а Воландэморт страціў сваю моц і знік.

Здзіўляюся, як ад крытыкаў Потера быў прыхаваны гэты відавочна евангельскі матыў, выражаны словамі: "ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў" (Ян.15:13)! Мы ж бачым корань і спаўненне гэтай запаведзі ў крыжовай смерці нашага Госпада Ісуса Хрыста. Роўлінг жа ў сваім творы прапаведуе каштоўнасць такой ахвяры, і гэты момант - толькі пачатак яе пропаведзі.

Апошні цяжкрыж

Але адначасова са спробай забіць Гары Потэра адбылася яшчэ адна вельмі важная падзея. Душа злога чараўніка на момант злачынства моцна была ўжо пашкоджана забойствамі і падзеламі (тады ўжо існавала пяць цяжкрыжоў), а таму была неўстойлівая. Калі Воландэморт кідае ў дзіця сваё забойчае закляцце, то ад душы злога чараўніка адкалываецца яшчэ адзін кавалак, які разам з закляццем трапляе ў Гары. Такім чынам, хлопчык становіцця сёмым цяжкрыжом Воладэморта, пра што не ведае ні ён сам, ні забойца яго бацькоў. Больш таго, пра гэта не ведае нават чытач першых кнігаў пра Хлопца-які-выжыў.

А між іншым гэты факт тлумачыць таямнічую сувязь паміж Гары Потэрам і Воландэмортам. Гэта сувязь праяўляецца ў тым, што Гары разумее мову змей, можа часамі бачыць вачамі злога чараўніка і адчуваць яго эмоціі, разам з гэтым адчуваючы моцную боль шнара на сваёй галаве. Паступова, вельмі паволі і да чытача і да галоўнага героя гісторыі – Гары – даходзіць, што апошні цяжкрыж – гэта ён сам. Вось чаму, калі ён сапраўды хоча знішчыць Воландэморта, то ён мусіць знішчыць і сябе самога, дазволіўшы сябе забіць.

Хлопчык-які-выжыў згаджаецца на гэты апошні крок. Гэта з'яўляецца кульмінацыяй усёй гісторыі: Гары ідзе на сустрач з чорным магам, каб быць забітым. Воландэморт не вагаючыся забівае Гары, але... Тое, што адбываецца далей з'яўляецца сапраўды вялікай неспадзяванкай. Аповед пераносіць нас па той бок сьмерці і мы бачым душу Гары ў нейкім дзіўным месцы – нябесным вакзале, так моцна нагадваючым вакзал Кінг-Крос. Напэўна з гэтага вакзала душы адпраўляюцца ў сваё апошняе падарожжа.

Тут ён бачыць нейкую маленьку жалосную постаць – кавалак душы Воландэморта, які загінуў разам з ім. Побач з'яўляецца яго забіты настаўнік, дырэктар школы – Альбус Дамблдор. Ён тлумачыць Гары і чытачам, што адбылося, расстаўляючы ўсе кропкі над "і". Пасля гэтага Дамблдор прапануе Гары вярнуца назад, у свет жывых, гаворачы: "Не шкадуй памерлых, Гары. Шкадуй жывых, асабліва тых, што жывуць без любові. Тваё вяртанне магчыма спрычыніцца таму, што будзе меньш пакалечаных душаў ды меньш разбітых сем'яў. Калі табе здаецца, што гэта дастойная мэта, то нам ужо час развітацца". Вось так Гары вяртаецца да жыцця, або як мы можам яшчэ інакш сказаць – уваскрасае, каб прыняць удзел у апошняй бітве.

Пасля ўсіх гэтых слоў мне застаецца зрабіць толькі кароткі каментар. Па-першае, мы зноў маем дачыненне з ахвярай, на гэты раз ахвярай Гары, якую ён прыносіць, каб дапамагчы сваім сябрам і ўсяму чалавецтву. Па-другое, кавалак душы Воландэморта ў галаве ў Гары – гэта выдатны вобраз таго, што зло знаходзіцца ў нутры чалавека. Гэта зло спрычыняецца нашаму ўнутранаму разладу, але не з'яўляецца часткай нашай прыроды... Мы пакліканы да таго, каб – цаной ахвяры – перамагчы гэтае зло. Па-трэцяе, уваскрасенне. Напэўна гэта самая хрысцінская ідэя ў Роўлінг, што той "хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў", не памірае назаўсёды, але ўваскрэсне.

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.