2013-10-28 14:01:14

Хрысціянства і літаратура. Джоан Кэтлін Роўлінг (V)


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёміцца з творчасцю Джоан Кэтлін Роўлінг, на прыкладзе яе вядомай сэрыі кніг пра Гары Потэра.

Метаноя ў "Гары Потары"

Сёння я хацеў бы, сябры, звярнуць вашую ўвагу на вельмі хрысціянскую тэму, якая прасочваецца ў кнігах пра Гары Потэра – навяртанне. Хтосьці можа здзівіцца: "Няўжо і такое ёсць!?". Ёсць, шаноўныя, ёсць. Нагадаю, што "навяртанне" на грэцкай мове гучыць, як "метаноя". А "метаноя", у сваю чаргу, перакладаецца даслоўна, як змена мыслення. Хто ж з герояў патарыяды прайшоў такія метамарфозы, пачаў думаць інакш?

Перад тым, як пачаць адказваць на гэтае пытанне, я хачу зазначыць, што ў патэрыядзе сустракаецца вельмі шмат неадназначных асобаў. І гэта ўласцівасць робіць кнігу вельмі рэалістычнай, як само жыццё, якое нніколі не з'яўляецца чорна-белым. Тут няма сусальна-пазітыўных песанажаў накшталт піянера Колі: ва ўсім "правільнага" і "заўжды гатовага" ісці наперад "без страха и сомнений". Героі Роўлінг – жывыя людзі, якім уласцівыя ваганні, сумнівы, барацьба з сабою ў імкненні зрабіць слушны маральны выбар, прыняць слушнае жыццёвае рашэнне. Давайце ж зоймімся гэтымі "плахішамі"!

"Шкілеты ў шафе" дэкана Слізерына

Хай прабачаць мяне тыя, хто толькі распачаў чытаць Гары Потэра, што адкрою тут вялікую таямніцу – я збіраюся распавесці вам пра тое, кім насамрэч быў дэкан слізерынскага факультэта прафесар Сэверус Снэйп. Той, хто хоць кроплю знаёмы з кнігамі пра Гары Потэра, непазбежна сустракаўся і з прафесарам Снэйпам, але да апошняй кнігі чытач не здагадваецца пра ўсе "шкілеты ў шафе" дэкана Слізэрына.

З першай кнігі Снэйп прадстае перад намі, як асоба не сымпатычная, нават досыць непрыемная. Гэта праяўляецца і праз апісанне яго знешняга выгляду – сальныя валасы, гэтак і праз апісанне паводзінаў – заўсёды на баку вучняў са свайго факультэта (нават, калі яны паводзяць сябе блага), прадузятае стаўленне да Гары, антаганістам якога ён з'яўляецца праз усю патарыяду. Аднак у ўважлівага чытача з цягам чытання паўстаюць усё больш і больш пытанняў. Напрыклад, чаму Дамблдор, якому чытач у поўні давярае, так прыхільны выкладчыку зеллеварэння?

А між тым, мы даведваемся ўсё больш і больш злавесных падрабязнасцяў пра Северуса Снэйпа. Вось жа ён быў у свой час хаўруснікам Воландэморта, г.зв. "пажыральнікам смерці"! Хто можа даць гарантыю, што ён не застаўся верным таму, Чыё-імя-нельга-называць? Гары, Рон і Герміёна ўсцяж падазраюць непрыемнага прафесара ў прычаснасці да цёмных справаў. Чытач па кавалках, нібы пазлы, збірае вобраз дэкана слізэрынскага факультэта, і вось урэшце, што ў яго атрымліваецца.
Трагедыя кахання Северуса Снэйпа

Сэверус Тобіас Снэйп рос у сям'і маці – чараўніцы і бацькі – магла (г.зн. звычайнага чалавека). Яго бацькі часта сварыліся і малы Сэверус пакутваў ад атмасферы, якая была ў яго доме. Яшчэ перад паступленнем у Хогвардс (школу для малых чараўнікоў) ён знаёміцца з маленькай дзяўчынкай Лілі Эванс, якая жыве ў доме побач. Гэта дзяўчына – будучая маці Гары Потэра. Аднак на той момант ёй дзесяць год і яна з'яўляецца лепшай сяброўкай малога Сэверуса. Сімпатыя Сэверуса да Лілі Эванс перарасла неўзабаве ў каханне. Аднак каханне гэтае без узаемнасці, а лёс усё больш і больш падзяляе двух падлеткаў.

Сэверус і Лілі паступаюць у Хогвардс, але на розныя факультэты: Слізэрын і Грыфендорф, прадстаўнікі якіх заўсёды канкуравалі паміж сабой. У Лілі з'яўляюцца новыя сябры, сярод якіх Джэймс Потэр, яе будучы муж і бацька Гары. Паміж Сэверусам і Джэймсам паўстае сапраўдная варожасць. Джэймс карыстаецца кожным выпадкам, каб упакорыць Снэйпа, пакрыўдзіць яго. Лілі ўсцяж сябруе з Сэверусам, але яе пужае стаўленне маладога слізерынца да чараўнікоў, якія паходзяць з сем'яў маглаў.

Нецярпімасць да маглаў і да г.зв. "палукровак" – гэта сваеасаблівы расізм у чароўным свеце Роўлінг. (Парадаксальна, што яго найбольш падтрымліваюць тыя, хто і сам не з'яўляецца чыстакроўным чараўніком. Сярод іх Воландэморт і Снэйп). Апошняй кропляй, якая спрычынілася разрыву адносінаў паміж Сэверусам і Лілі, быў той факт, што малады чараўнік абазваў сваю былую сяброўку "бруднакроўкай". Праз нейкі час пасля гэтага інцыдэнту Лілі збліжаецца з Джэймсам Потэрам і выходзіць за яго замуж.

У старэйшых класах Снэйп уваходзіць у групу вучняў, якія пазней робяцца пажыральнікамі смерці – хаўруснікамі таго, Чыё-імя-нельга-называць. У 1980 годзе ён падслухоўвае прароцтва пра тое, што неўзабаве народзіцца чалавек, які пераможа Воландэморта. Сэверус перадае гэтую інфармацыю Цёмнаму Лорду, а той вырашае, што мова ў прароцтве вядзецца пра сына Джэймса і Лілі Потэраў. Вось тут Снэйп і просіць Воландэморта захаваць жыццё Лілі Потэр, але не атрымоўвае такога абяцання.

Каб захаваць жыццё каханаму чалавеку Снэйп звяртаецца да ворага Цёмнага Лорда, прафесара Дамблдора, і робіцца яго тайным агентам, а лепей сказаць двайным агентам, бо Воландэморт перакананы, што Снэйп шпіёніць на яго. Дамблдор абяцае абараніць Потэраў і прадухіліць забойства, але ў яго гэта не атрымліваецца. Што адбываецца далей мы ўжо ведаем з мінулай перадачы. Лілі гіне, а Северус Снэйп перажывае сваеасаблівы шок. Дамблдор пераконвае яго, што адзінай годнай рэччу, якой ён можа адкупіць сваю віну, будзе абарона сына той, якую ён кахаў. Вось так сапраўднае каханне Снэйпа спрычынілася яго навяртанню на бок дабра – ён сапраўды застаўся верны да канца гэтаму свайму перамяненню.

а. Андрэй Буйніч







All the contents on this site are copyrighted ©.