2013-10-30 16:06:29

“Веру, ведаю, разумею”. Лячэнне духоўных хваробаў: сум і радасць


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Лячэнне духоўных хваробаў”. У сённяшняй праграме мы пахілімся над чарговай немаччу, якая падступна авалодвае нашым сэрцам, перашкаджае бачыць жыццё ясна і праводзіць дні поўна і шчасліва. Маецца на ўвазе сум. Гэта духоўная хвароба, як і ўсе іншыя, цяжка выяўляецца і часта блытаецца з рысай характару. Маўляў, гэты чалавек проста разважлівы, задуменны і добра ўсведамляючы рэальнасць. Няшмат людзей усведамляюць, што сум – гэта заўсёды наступства граху, наступства нашага ўласнага выбару. Гэта не штосьці, што прыходзіць само па сабе. Св. Грыгорый Вялікі адзначаў, што сатана, перш чым увесці чалавека ў спакусу, глядзіць на яго тэмперамент. Радасных ён спакушае пажадлівасцю, бо задавальненні знешне нагадваюць весялосць. Тым, якія лёгка раздражняюцца – ён заўсёды прапануе нагоды для гневу. Тых, хто сарамлівы і баіцца выпрабаванняў, ён пужае. Схільных да ганарыстасці вядзе туды, дзе яго будуць акружаць хвалой і ліслівасцю. Сатана спакушае чалавека ва ўмовах адпаведных яго тэмпераменту.

Кніга Сіраха сцвярджае: “Не паддавайся смутку душой тваёй і не катуй сябе разважаннямі; радасць сэрца – жыццё чалавека, і радасць мужчыны – доўгае жыццё. Любі душу тваю і суцяшай сэрца тваё, аддаляе ад сябе смутак, бо ён многіх забіў і няма карысці ад яго” (Сір 30, 22-25).

Толькі прывязаўшыся да яшчэ большай любові можам вызваліцца ад жудаснай, лагічнай, рацыяналістычнай пасткі суму. Сумам напаўняецца чалавек, які расчароўваецца ў жыцці, бачыць чалавечую слабасць, перажывае адсутнасць кагосьці. Сум паступова авалодвае ўсімі пачуццямі і прыводзіць да страты надзеі.

У кнізе Мудрасці Саламона гаворыцца, што “тыя, хто разважаюць самі ў сабе” лічаць жыццё “сумным і кароткім”, мяркуюць, што “няма чалавеку збаўлення ад смерці”. Маўляў, жыццё наша “выпадковае і часовае”, таму “трэба атрымліваць асалоду ад дабротаў і карыстацца светам, як маладосцю”, “паўсюль пакідаць сляды весялосці” і “чыніць кайданы справядлівым”, бо “яны дакараюць нас у грахах супраць закона і ганяць за грахі нашага выхавання”.

Паводле Святога Пісання, карані суму ляжаць у даволі рэалістычным на першы погляд меркаванні: мы ніхто і няма пераканаўчых адказаў аб будучыні. Тады пачынаем шукаць суцяшэння ў зямных дабротах, ап’яняем сябе весялосцю, забавамі, легкадумствам, заглушаем думкі аб уласнай слабасці.

Ёсць сум маладых – які надыходзіць раптоўна і знішчае надзею. Ёсць сум дарослых, якія стаяць перад цяжкасцямі і выпрабаваннямі. Ёсць сум старых – якія павінны адказаць на выклік “смутных дзён”. Адной з першых крыніц смутку з’яўляецца страх перад цяжкасцямі. Іншая крыніца – страх перад любоўю. Юнак з Евангелля быў сумным, бо меў шмат багаццяў, але баяўся пайсці за Папам, каб нарэшце знайсці тое, чаго шукаў і ў чым меў патрэбу. Ён шукаў хуткага і павярхоўнага адказу і не хацеў ісці на глыбіню, не хацеў намаганняў.

Евангелле, аднак, напаўняе радасцю грэшнікаў, таму што яны атрымліваюць незвычайную прапанову любові, якая вызваляе ад прывязанасці да багаццяў, што робяць сэрца цвёрдым. Аблічча чалавека, не асветленага любоўю і не адказваючага любоўю на любоў, заўсёды застаецца шэрым.

Лекам ад смутку з’яўляецца радасць. Падумаем над сітуацыяй дзяцей, якія пакутуюць і з’яўляюцца абсалютна безабароннымі перад цярпеннямі і хваробамі. Але менавіта гэта бездапаможнасць становіцца для іх глыбокай крыніцай радасці. Яны давяраюць сваёй маці. Касцёл атрымаў ад Бога заданне захаваць у свеце гэты дух дзяцінства, прастаты і свежасці, які грунтуецца на даверы.

Для нас радасць павінна паходзіць ад здольнасці радавацца таму, што маем ад даверу да Божага Провіду, што значыць, да любові большай за нашу. Смутак знікае, калі ў цэнтры нашага жыцця перастаем быць мы самі, а гэта месца займае бліжні.

Многія кажуць, што радасць незалежная ад нас. Гэта не праўда. Радасць – гэта наш выбар. Яе можна заўсёды мець, маючы давер.

Св. Францішак, які ўмеў пераўтвараць горкае ў салодкае, забараняў сваім баратам выходзіць з келляў, калі яны мелі смутныя твары, таму што смутны больш уразлівы на зло. Ён напісаў у сваёй рэгуле: “Няхай браты не паказваюцца сумнымі і з панурымі абліччамі, як крывадушнікі, але паказваюцца радаснымі ў Пану, вясёлымі і ветлівымі”.

Часам сум здаецца прыкметай разважлівасці і глыбокага ўсведамлення стану рэчаў, а радасць – знакам легкадумства. Але, гэта не так. Менавіта радасць дазваляе бачыць шматлікія знакі любові, якімі Бог акружае наша жыццё і сэрца.








All the contents on this site are copyrighted ©.