2013-10-31 13:19:09

Францішак: вера, якая перажываецца сур’ёзна, спрыяе сапраўднай любові


RealAudioMP3 Калі Евангелле ўспрымаецца сур’ёзна, яно спрыяе нараджэнню дзейснай і сапраўднай любові, перакананы папа Францішак. 31 кастрычніка 2013 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі членаў “Кола св. Пятра”, дабрачыннай арганізацыі, якая займаецца дапамогай бедным у Рымскай дыяцэзіі – дыяцэзіі, на чале якой стаіць Папа. У сустрэчы з Пантыфікам, у Клеменційскай Зале Апостальскага палацу, прынялі ўдзел каля 200 членаў асацыяцыі. Звяртаючыся да іх, Францішак адзначыў, што падыходзіць да заканчэння Год веры, “час ласкі, калі Касцёл абнавіў веру ў Езуса Хрыста і ажывіў радасць падарожжа Яго шляхамі”. “Вера, якая перажываецца сур’ёзна, спрыяе паводзінам сапраўднай любові. Мы маем шмат простых сведчанняў людзей, якія становяцца апосталамі любові ў сям’і, школе, парафііі, на месцы працы і сацыяльнай сустрэчы, на вуліцах, паўсюль. Яны ўспрынялі Евангелле сур’ёзна! Сапраўдны вучань Пана асабіста ўключаецца ў таямніцу любові, якая мае ў якасці вымярэння шматформенную і невычэрпную беднасць чалавека”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што дапамога бедным, слабым і маргіналізаваным з’яўляецца фундаментальным заданнем ахрышчаных, а не як выключным і выпадковым. “Кожны дзень з’яўляюцца сітуацыі, якія кідаюць нам выклік. Штодзённа, кожны з нас пакліканы быць суцяшыцелем, станавіцца пакорнай і шчодрай прыладай Божага Провіду і Яго міласэрнай дабрыні, Яго любові, якая разумее і спачувае, яго суцяшэння, якое ўздымае і дае адвагу. Кожны дзень мы пакліканы станавіцца пяшчотай Бога для тых, якія, магчыма, (...) забыліся пра першую пяшчоту, якія, магчыма, ніколі ў жыцці не спазналі пяшчоты. Вы з’яўляецеся для Апостальскай Сталіцы, тут у Рыме, пяшчотай Бога”, - адзначыў Святы Айцец.

Папа падзякаваў членам “Кола св. Пятра” за служэнне і заклікаў працягваць быць бачным знакам любові Хрыста, для тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, як у матэрыяльным, так і духоўным сэнсах, а таксама для пілігрымаў, якія прыбываюць у Рым з усіх куткоў свету.

“Кола св. Пятра” было заснавана ў Рыме ў 1869 г. па ініцыятыве групы маладых людзей з мясцовых заможных сем’яў. Праз каталіцкую прэсу, збор подпісаў і ініцыятывы салідарнасці яны выступалі ў абарону Святога Айца перад абліччам нападак, якія часта здзяйсняліся ў той складаны для папскага служэння перыяд гісторыі. Затым Пій IX даверыў ім асабліва заданне – клапаціцца пра рымскіх беднякоў – якое члены асацыяцыі працягваюць выконваць да сённяшняга дня.








All the contents on this site are copyrighted ©.