2013-11-13 15:52:41

“Веру, ведаю, разумею”. Лячэнне духоўных хваробаў: сквапнасць і шчодрасць


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл праграм пад назвай “Лячэнне духоўных хваробаў”, у рамках якога размаўляем пра духоўныя немачы і сродкі, неабходныя для перамогі над імі. Сёння ў цэнтры нашай увагі будзе чарговая хвароба – сквапнасць. У якасці адпраўдной кропкі ў разважанні над гэтай немаччу пахілімся над урыўкам з Першай Кнігі Валадарстваў, дзе апавядаецца пра караля Ахаба, які меў вялікую маёмасць. Меў шмат, але не задавальняўся гэтым. Ахаб убачыў, што недалёка ад каралеўскага палацу знаходзіцца вінаграднік Набота ізрээляніна і захацеў авалодаць таксама і гэтым кавалкам зямлі. Ён прапанаваў гаспадару вінаградніка іншы кавалак зямлі і грошы, але атрымаў адмову.

“І лёг на ложак свой, і адвярнуўся тварам да сцяны, і не еў хлеба. І ўвайшла да яго жонка ягоная Ізабэль, і сказала яму: Чаму засмучана душа твая, чаму ты не ясі хлеба? Ён адказаў ёй: Бо я гаварыў з Наботам ізрээлянінам і сказаў яму: аддай мне вінаграднік свой за срэбра, або, калі пажадаеш, дам табе іншы вінаграднік замест гэтага. Тады ён сказаў: Не аддам табе вінаградніку майго. І сказала яму Ізабэль, жонка ягоная: Ты цяпер валадарыш над Ізраэлем. Устань, еш хлеб і будзь спакойны: я здабуду табе вінаграднік Набота ізрээляніна” (1 Вал 21,4-7).

Ахаб меў шмат ўласнасці, але не быў задаволены; быў ненасытным, таму што даброты не могуць напоўніць патрэбы душы і сэрца. Ён быў у няволі сквапнасці і хутка знайшоў сабе саюзніка, каб здзейсніць злачынства: па загадзе Ізабэлі, Набот ізрээлянін быў забіты, а яго вінаграднік стаў маёмасцю Ахаба.

Менавіта cквапнасць нараджае ў нас непатрэбныя патрэбы, якія аддаляюць нас ад сапраўднага “я”. Яна правакуе ў нас жаданні, якія, калі ўзрастаюць, цалкам авалодваюць намі, робяць сляпымі і неразважлівымі.
З цягам часу сквапнасць становіцца па-сапраўднаму бескантрольнай. Мы пачынаем шукаць усё большага і большага задавальнення набываючы рэчы, за якія плацім уласным шчасцем. Сквапнасць ніколі не зробіць нас задаволенымі, таму што нават калі маем шмат, заўсёды будзем адчуваць сябе беднымі і нямаючымі чагосьці важнага. На самой справе, сквапнасць прыводзіць да страты ўсяго.

У рамане Фёдара Дастаеўскага “Браты Карамазавы” ёсць цудоўная легенда пра сквапную жанчыну, якая патрапіла ў пекла. Яе анёл-ахоўнік бачыў яе пакуты і зжаліўшыся, нагадаў Богу, што аднойчы яна зрабіла добры ўчынак: ахвяравала бедняку лук. Тады Бог дазволіў анёлу выцягнуць жанчыну з дапамогай гэтага луку. Убачыўшы, што жанчына пакідае пякельнае возера, іншыя грэшнікі ухапіліся за яе ногі, каб вылезці таксама. Але яна іх адшутрхоўвала, кажучы: “Гэта мяне выцягваюць, а не вас, лук мой, а не ваш”. Як толькі яна сказала гэта, лук разарваўся і жанчына павалілася назад, дзе пакутуе да сённяшняга дня.

Узнікае пытанне: як вылечыцца ад сквапнасці? Як і ў выпадках з іншымі хваробамі, неабходна знайсці тое, што будзе супрацьлеглым гэтай немачы. Маецца на ўвазе шчодрасць у адносінах да іншых. Шчодрасць, якая здзяйсняецца без умоваў, таму што ўжо ўсё маем у бацькоўскай любові Бога. Шчодрасць – гэта лек, даступны кожнаму. Яна дазваляе згубіць штосьці сваё, але атрымаць радасць і шчасце. Толькі дорачы мы можам выйсці з пякельнай адзіноты, куды нас заганяе сквапнасць.

Езус прасіў даваць міласціну, але само гэта слова азначае не толькі грошы, а таксама салідарнасць, спачуванне, міласэрнасць, любоў. Плён гэтай любові апісаны ў Дзеях Апосталаў, дзе гаворка ідзе пра першую хрысціянскую супольнасць: мелі адно сэрца і адну душу, і ніхто з іх не быў у патрэбе. Яны мелі ўсё, усё неабходнае, і былі шчаслівымі. Сапраўды, любоў аздараўляе і ад гэтай хваробы.








All the contents on this site are copyrighted ©.