2013-11-14 11:52:43

Францішак: дух цікаўнасці пазбаўляе мудрасці


RealAudioMP3 Дух цікаўнасці нараджае неразуменне і аддаляе ад духа мудрасці, які дае супакой, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 14 лістапада 2013 г. Сваю гамілію Пантыфік пачаў з каментара да ўрыўку з кнігі Мудрасці Саламона, у якім апісваецца “стан душы чалавека духоўнага”, які жыве “у мудрасці Святога Духа”. Паводле Папы, дух мудрасці Божай заўсёды дае супакой, з’яўляецца духам міра, любові і братэрства, а людзей, якія прабываюць у ім, можна назваць мудрымі. Францішак адзначыў, што Евангелле кажа і пра іншы дух – дух цікаўнасці, супрацьлеглы духу мудрасці Божай. “Так адбываецца, калі мы хочам стаць гаспадарамі Божых планаў, будучыні, спраў, жадаем усё ведаць, трымаць усё ў руках... Фарысеі пыталіся ў Езуса: “Калі прыйдзе Валадарства Божае?”. Цікаўныя! Яны хацелі ведаць дату, дзень... Дух цікаўнасці аддаляе ад Духа мудрасці, таму што цікавяць толькі дэталі, маленькія штодзённыя навіны, як што адбудзецца? (...) Дух цікаўнасці – гэта дух не добры: гэта дух разгубленасці, аддалення ад Бога, дух балбатлівасці”, - адзначыў Пантыфік.

Паводле Папы, дух цікаўнасці вядзе да неразумення галоўнага. Ахопленыя ім, заўсёды жадаюць чуць незвычайныя гісторыі пра Бога, сцвярджаюць, што ведаюць празарліўцаў, якія нібыта атрымліваюць пасланні ад Маці Божай. “Але глядзі, Маці Божая – яна Маці, якая любіць усіх. Яна не загадчыца на пошце, якая кожны дзень адпраўляе пасланні”, - сказаў з іроніяй Францішак.

Папа адзначыў, што дух цікаўнасці аддаляе ад Евангелля, Святога Духа, супакою, мудрасці, хвалы і прыгажосці Божай. Езус казаў, што Валарарства Божае ёсць унутры нас, яно прыходзіць незаўважна і ў мудрасці. “Такая яна, дзейнасць Святога Духа, Які нам дае мудрасць і спакой”, - сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.