Не баяцца сведчыць
аб уласных перакананнях і рэлігійнай прыналежнасці, заклікаў папа Францішак удзельнікаў
пленарнага пасяджэння Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, якое праходзіць 25-28
лістапада ў Рыме на тэму “Члены розных рэлігійных традыцый у грамадстве”. Святы Айцец
прыняў іх на аўдыенцыі ў Ватыкане. Ён адзначыў, што дыялог не прадугледжвае адмаўлення
ад уласнай тоеснасці і кампрамісы з верай і хрысціянскай этыкай. Наадварот, сапраўдная
адкрытасць магчыма толькі пры глыбокім, ясным і радасным усведамленні сваёй ідэнтычнасці
і ўкаранёнасці ва ўласных перакананнях, падкрэсліў Папа. Пантыфік адзначыў, што калі
адкідаем у бок самае дарагое, што маем, сустрэча з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў
становіцца несапраўднай. “У такім выпадку можна казаць пра прытворнае братэрства”,
- сказаў ён.
У дыялогу з прадстаўнікамі іншых рэлігійных традыцый, паводле
Святога Айца, неабходна пераадолець таксама іншы страх – перад рэлігійным вымярэннем,
як такім. Многія лічаць, што мірна суіснаваць магчыма толькі хаваючы ўласную рэлігійную
прыналежнасць і пазбягаючы зваротаў да трансцэндэнтнасці. Такім чынам, на думку Пантыфіка,
выдаляецца вялікая частка ўнутранага жыцця кожнага чалавека, а братэрства разглядаецца
ў якасці “лабараторнага” эксперыменту.
Ён заклікаў з павагай адносіцца да меркаванняў
і веравызнанняў іншых, але не баяцца прадставаць перад імі такімі, якімі мы ёсць.
“Будучыня за мірным суіснаваннем з павагай да адметнасцяў, а не ў сцвярджэнні адзінага
мыслення, тэарытычна нейтральнага”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў важнасць прынцыпу
рэлігійнай свабоды і выказаў перакананне ў тым, што гэта – шлях да будавання міру
ў свеце.