2013-11-29 12:00:10

Папа прызначыў новых біскупаў для Касцёла ў Беларусі


RealAudioMP3 Святы Айцец прызначыў 29 лістапада 2013 г. новых біскупаў для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Святы Пасад абвесціў аб намінацыі адрузу трох іерархаў. Біскупам Віцебскім быў прызначаны кс. Алег Буткевіч, які да гэтага часу з’яўляўся пробашчам парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску. Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стаў кс. Юрый Касабуцкі, які апошнія восем гадоў займаў пасаду канцлера Мітрапалітальнай курыі. Кс. Юзэфа Станеўскага, да гэтага часу рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Усе біскупы-намінанты з’яўляюцца выпускнікамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, усе прыкладна аднаго ўзросту – 41, 42 і 44 гады адпаведна.Трэба адзначыць, што гэта першыя біскупскія намінацыі ў Касцёле ў Беларусі пасля 14-гадовага перапынку.

Біскуп-намінант Алег Буткевіч нарадзіўся 18 сакавіка 1972 г. у вёсцы Герасімова, Браслаўскага раёну, на Віцебшчыне. Пасля заканчэння Браслаўскай сярэдняй школы №2 у 1989 г. паступіў у Беларускі Аграрны Тэхнічны Універсітэт у Мінску, які скончыў у 1994 г. і атрымаў дыплом інжынера. У тым жа годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Пасля яе заканчэння, з 13 мая 2000 г. працаваў у Віцебскай дыяцэзіі: вікарыем у парафіях Наваполацк і Мёры і пробашчам у Бешанковічах, Уле і Віцебску. З 2006 г. быў дэканам Віцебскім.

Біскуп-намінант Юрый Касабуцкі нарадзіўся 15 лютага 1970 г. у Маладзечне. Атрымаў святарскае пасвячэнне 7 снежня 1996 г. пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Быў душпастырам парафій у Магілёве і Вілейцы. У 2001 г. атрымаў ліцэнцыят па фундаментальнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце і наступныя чатыры гады быў прэфектам у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. З 2005 г. займаў пасаду канцлера курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Біскуп-намінант Юзэф Станеўскі нарадзіўся 4 красавіка 1969 г. у вёсцы Заневічы на Гродзеншчыне. У 1990 г. пачаў навучанне ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, пасля заканчэння якой, 17 чэрвеня 1995 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Быў душпастырам у Ваўкавыску. У 1999 г. з тытулам ліцэнцыята па кананічным праве скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт, пасля чаго быў прызначаны спачатку прэфектам, а потым, у 2005 г., рэктарам гродзенскай духоўнай семінарыі. У 2012 г. атрымаў тытул капелана Яго Святасці Папы.

Два тыдні таму Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, выступаючы перад святарамі падчас іх агульнабеларускай сустрэчы ў Мінску, прывёў словы папы Францішка, аб ягоным уяўленні біскупскага служэння. Святы Айцец, як сказаў арцыбіскуп, папрасіў перадаць святарам і біскупам Беларусі, што сярод іх “няма генерала і радавога – ёсць толькі браты”, якія павінны ісці разам, гаварыць паміж сабой, адкрыць сэрцы адзін аднаму.

Біскупская сакра будзе ўдзелена біскупу-намінанту Алегу Буткевічу 18 студзеня 2014 г. у віцебскай катэдры ў 12.00, біскупу-намінанту Юрыю Касабуцкаму 25 студзеня 2014 г. у мінскай архікатэдры ў 11.00, біскупу-намінанту Юзэфу Станеўскаму 1 лютага 2014 г. у гродзенскай катэдры ў 12.00.







All the contents on this site are copyrighted ©.