2013-11-30 13:20:38

Біскуп-намінант Буткевіч: я даверыўся Папе, адказваючы на яго прапанову (інтэрв’ю)


RealAudioMP3 29 лістапада 2013 г. стала вядома аб рашэнні папы Францішка прызначыць новага Біскупа Віцебскага. Ім стаў 41-гадовы святар Алег Буткевіч, для якога Віцебская дыяцэзія – родная, на яе тэрыторыі ён нарадзіўся і рос, тут ён працаваў як душпастыр. Без сумневу, пачынаецца новы этап для гэтай часткі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, хоць выклікі застаюцца “старымі”. Прызначэнне адбылося толькі ўчора і яшчэ не спаў узровень эмоцый, выкліканых рашэннем Святога Айца, але біскуп-намінант Алег Буткевіч ужо заявіў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, што зоймецца арганізацыяй працы курыі і персанальнымі пытаннямі ў дыяцэзіі. Мы сустрэліся з Яго Эксцэленцыяй і паразмаўлялі падрабязна аб яго бачанні біскупскай службы.

Эксцэленцыя я віншую Вас і адразу, што называецца пытанне ў чола”, Вы калі-небудзь маглі ўявіць сабе, што станеце біскупам?

У маім жыцці быў такі час, калі на адзін успамін пра святарства ў мяне ўзнікала ўсмешка, бо я не ўяўляў сябе нават святаром. Але Бог такім чынам пакіраваў, што пакліканне, якое з’яўляецца Яго дарам, дзесці ў душы прарасло, вынікам чаго стала маё святарства. Час святарскага служэння быў для мяне перыядам напружанай і інтэнсіўнай працы ва ўмовах Усходняй Беларусі, працы па адбудове той базы Касцёла, якая была знішчана. Таму, проста не было часу на нейкія іншыя думкі, у тым ліку пра рэалізацыю на вышэйшых пасадах, іх проста не ўзнікала. І на такую думку я б адрэагаваў таксама ўсмешкай. Так адбылося б, скажам, некалькі месяцаў таму...

З якімі пачуццямі Вы сустрэлі навіну аб прызначэнні?

Гэта прапанова – скажу, як гэта было на самой справе – выклікала ў мяне шок. Гэта проста быў шок... і ўражанне. Першай рэакцыяй было “не”, бо я не адпавядаю гэтай пасадзе, не маю да гэтага адпаведнай падрыхтоўкі. Мне спатрэбілася даволі шмат часу, каб з гэтай думкай асвоіцца, не ведаю, ці гэта адбылося да канца нават цяпер.

Як можна разумець такое прызначэнне, як прыступку ў кар’еры ці гэта нешта іншае?

Знешне гэта, канешне, можа выглядаць як прыступка. Хтосьці можа сказаць: вось чалавек асягнуў для сябе нешта вышэйшае. Але я ўспрымаю гэта перш за ўсё, як служэнне і не бачу ў гэтым нават нейкага прывілею, хоць напэўна гэта прысутнічае і адпавядае гэтай пасадзе, не бачу у гэтым нейкай узнагароды. Успрымаю гэта ўсё, прынамсі ў дадзены момант, як вялікую адказнасць, як цяжар той працы, які павялічыўся ў некалькі разоў. Гэта, кажучы духоўнай тэрміналогіяй, крыж.

Якім быў Ваш шлях да Бога і да Касцёла?

Мне пашчасціла нарадзіцца ў каталіцкай веруючай сям’і. Хоць, вядома, гэта былі 1970-я гады, час, калі нельга было адкрыта вызнаваць сваю веру. Тут трэба аддаць належнае маім бацькам, што нягледзячы на гэтыя цяжкасці, сваім дзецям, а нас было трое ў сям’і, змаглі прывіць веру. Было нялёгка. Я памятаю тыя праблемы, якія ўзнікалі і ў маім сэрцы, і ў маёй душы. Але, тым не менш, гэты шлях праз выпрабаванні, хоць, магчыма, яны і не былі настолькі трагічнымі (не магу сказаць, што адчуваў нейкі пераслед пад сваім адрасам), не быў такім лёгкім. Гэта быў шлях да Бога і Касцёла, які працягваецца ўсё жыццё. Нават на сённяшні момант я не магу сказаць, што ўжо ў поўні гэты шлях прайшоў. Але я ўдзячны Богу, за тое, што ён мяне правёў менавіта такім шляхам.

Ёсць у Вас ідэал, на які хацелася б быць падобным у жыцці і раўняцца ў працы?

Калі пад ідэалам разумець асобу, якую можна было б наследаваць да канца, на 100 працэнтаў, яе ў маім жыцці няма. Проста таму, што гэта не магчыма. Але ёсць людзі, які з’яўляюцца для мяне прыкладам адданага служэння, малітвы, духоўнага жыцця. У першую чаргу я хачу тут назваць сваіх бацькоў, якія далі мне прыклад веры.

Ваша біскупскае служэнне распачынаецца і будзе праходзіць падчас пантыфікату Францішка – Папы, якога ўжо назвалі адным з самых уплывовых людзей свету, Пантыфіка, які практычна вершыць гісторыю? Якія з ідэй або заклікаў Святога Айца Вам бліжэй за ўсё?

Калі б можна было акрэсліць гэта адным выразам, то гэта імкненне Папы ва ўсім багацці хрысціянскай традыцыі знайсці жывога Хрыста. Гэта прываблівае асабіста мяне ў падыходзе Святога Айца да Касцёла і яго месца ў сучасным свеце. З цягам часу за тымі, вядома, патрэбнымі формамі выразу веры паняцце жывога Бога, Які б мог мець уплыў на жыццё чалавека, было згублена. Гэта бачна сёння ў свеце. А сучасны чалавек шукае Бога, і асоба Святога Айца, яго падыход, духоўнасць, усё гэта адпавядае патрабаванням сучаснага свету: пошук жывога Хрыста, дапамога чалавеку прыйсці да Яго, жыць з Ім, спрабаваць падпарадкаваць Яго апецы, міласэрнасці сваё жыццё. Гэта тое заданне, якое стаіць сёння перад Касцёлам. І Папа вельмі добра яго выконвае.

Нават, калі паглядзець на мой уласны прыклад. Я ніколі не спадзяваўся, што ў маім выпадку адбудзецца такі выбар – выбар біскупа, які не мае нават вышэйшай касцёльнай адукацыі. Папа робіць стаўку не на чалавечыя магчымасці, людскія здольнасці, ён разлічвае на моц Божую, на сілу жывога Хрыста, Які сёння дзейнічае ў Касцёле. Папа дае магчымасць паказаць гэтую дзейнасць. Я даверыўся гэтаму, і, адказваючы на прапанову Святога Айца, проста веру ў тое, што Бог будзе здольны праз слабога чалавека здзейсніць сваю волю ў сучасным свеце.

Якія праблемы сёння стаяць перад Каталіцкім Касцёлам у глабальным і лакальным маштабах, у свеце і ў Беларусі?

Гэта акрэсліваецца двума паняццямі – секулярызацыя і рэлятывізм. Такія модныя два словы, якія азначаюць ні што іншае, як адыход ад Бога: ад Бога Бібліі, ад Бога Створцы, і пошук для сябе іншых багоў. Вяртанне да язычніцтва – гэта вялікая праблема для Касцёла. І другі момант – чалавек сёння не трымаецца прынцыпаў, якія заклаў Бог у чалавечую прыроду. Адкідваючы Бога Створцу, чалавек часта сам становіцца на Яго месца, а сваё жыццё падпарадкоўвае тым прынцыпам, якія яму больш адпавядаюць. І гэта небяспечна, бо чалавек не з’яўляецца аўтарам гэтага свету, творцам яго законаў, якія дзейнічаюць незалежна ад адносін чалавека да іх. Таму для нас адзіны паратунак у вяртанні да праўды. Так, як гаварыў аб гэтым сам Хрыстус: “Шукайце праўды, і праўда вас вызваліць”. Менавіта праўда дазволіць нам стаць свабоднымі, а праз гэта проста шчаслівымі людзьмі.

Якія пытанні неабходна вырашыць у Віцебскай дыяцэзіі ў першую чаргу?

Гэта ў першую чаргу пытанні персанальнага характару і фарміраванне таго кіраўнічага органу, якім з’яўляецца дыяцэзіяльная курыя. Гэта тое, без чаго нельга пазней праводзіць душпастырскую працу. Таму, я лічу гэта маім першапачатковым заданнем.

Якім на Ваш погляд павінен быць біскуп?

Біскупскае служэнне – гэта працяг служэння святарскага. Святар – гэта айцец, гэта той чалавек, які павінен як мага поўна адкрываць у сабе айцоўства самаго Бога – быць тым, хто ў сваёй асобе прадстаўляе любоў, міласэрнасць нябеснага Айца.

Ці змяняецца чалавек, атрымаўшы біскупскае пасвячэнне?

Напэўна тое, што здараецца з чалавекам у жыцці тым ці іншым чынам уплывае на яго характар, прычыняецца да перамены. Іншае пытанне, у які бок? Кожная сітуацыя стварае крытычныя ўмовы, у якіх правяраецца тое, што чалавек ужо мае ў сабе. Таму, як яно будзе выглядаць у маім выпадку, пакажа час. Але спадзяюся, што гэта служэнне не зменіць мяне, майго характару, маёй асобы ў горшы бок. Туму ўсіх вернікаў, людзей добрай волі прашу аб малітве ў гэтай інтэнцыі.

Размаўляў кс. А. Амяльчэня







All the contents on this site are copyrighted ©.