2013-12-10 14:19:18

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Чаму папа Францішак так цэніць сям’ю?


RealAudioMP3 Адной спякотнай студзеньскай раніцай 1929 г. у порце Буэнас-Айрэса прышвартаваўся італьянскі трансатлантычны карабель “Юлій Цэзар”. З яго выйшла элегантная жанчына, на якую немагчыма было не звярнуць увагі: яна вылучалася сярод іншых эмігрантаў шыкоўным паліто з вытанчаным лісім каўнерам. Ён быў без сумніваў цудоўным, але зусім недарэчным для гарачага аргентынскага лета. Гэтай жанчынай была Роза Берголіа, бабуля будучага папы Францішка. Выбар яе вопраткі не тлумачыўся залішняй экстравагантнасцю, проста ў падкладку сваёй адзежы яна зашыла грошы, атрыманыя ад продажу сямейнай маёмасці ў Італіі, з дапамогай якіх можна было пачаць новае жыццё ў Аргентыне.

Дзядуля, бабуля і бацька будучага Пантыфіка павінны былі прыбыць у Паўднёвую Амерыку на два гады раней. У 1927 г. яны нават набылі білеты на карабель “Прынцэса Мафальда”, але продаж маёмасці зацягнуўся і патрапіць на борт судна яны, на шчасце, не паспелі. На шчасце – таму што 25 кастрычніка 1927 г., у выніку цяжкай аварыі, “Прынцэса Мафальда” затанула каля паўночных берагоў Бразіліі і забрала з сабой сотні жыццяў.

Берголіа паходзілі з невялікага мястэчка Портакамара, на поўначы Італіі ў рэгіёне Пьемонт. Яны пакінулі Еўропу, якая ў пакутах глыбокага эканамічнага крызісу залечвала раны Першай Сусветнай вайны і рыхтавалася да Другой. Далёкая Аргентына прываблівала адсутнасцю канфліктаў і грамадскай напружанасці, магчымасцю знайсці добрую працу, атрымліваць выдатны заробак і мець усе сацыяльныя гарантыі. “Іншымі словамі, яны прыбылі ў краіну, якая характарызавалася мірам і прагрэсам”, - адзначалі ў кнізе-інтэрв’ю “Езуіт”, прысвечанай будучаму Папе і выдадзенай у 2006 г., журналісты Франчэска Амбраджэцці і Серджыа Рубін. Працягваючы заглядаць на яе старонкі, сёння мы паразмаўляем пра сям’ю Святога Айца.

Па прыбыцці ў Аргентыну эмігранты звычайна сяліліся ў гатэлі побач з портам, але Берголіа працягнулі сваё падарожжа ў горад Парана – адміністрацыйны цэнтр правінцыі Энтрэ-Рыас у Паўночна-Усходняй частцы краіны, дзе іх з нецярпеннем чакалі сваякі – тры браты дзядулі Хорхэ Берголіа.

Яны пераехалі ў Парану яшчэ у 1922 г. Тут здолелі заснаваць невялікае будаўнічае прадпрыемства. На заробленыя сродкі пабудавалі чатырохпавярховы дом з першым у горадзе ліфтам і прыгожай вежай. Кожны з братоў меў па свайму ўласнаму паверху. Праўда, не ўтрымаўшыся на хвалях эканамічнага крызісу, яны былі вымушаны прадаць будынак у 1932 г.. Пазычыўшы яшчэ крыху грошай, дзядуля папы Францішка набыў сабе краму. Бацька ж, Марыё Берголіа, некаторы час працаваў у ёй кур’ерам, пакуль не знайшоў працу на чыгунцы.

Хорхэ Берголіа апавядаў, што ў Італіі яго бабуля і дзядуля мелі ўласную кандытарскую і не адчувалі вялікіх цяжкасцяў. Адзінае, што ім замінала – недахоп блізкіх. Таму было прынята рашэнне таксама пераехаць у Паўночную Амерыку. Трэба адзначыць, што не ўсе Берголіа пакінулі Італію – тут засталіся яшчэ некаторыя сваякі, нашчадкі якіх да сённяшняга дня пражываюць ў італьянскім Портакамара.

Бацькі папы Францішка пазнаёміліся ў салезіянскім араторыі св. Антонія, у квартале Альмагра Буэнас-Айрэса. Праз год яны ажаніліся. У яго маці, Рэджыны Сіворы, была змешаная сям’я: яе маці паходзіла з Італііі, а бацька быў аргентынцам, праўда з італьянскімі ці, дакладней, генуэзскімі каранямі. Хорхэ Берголіа ўспамінаў з іроніяй, што адзін са сваякоў маці быў “старым бессаромнікам” і вучыў яго непрыстойным песням на генуэзскім дыялекце. “Таму, з той малой колькасці словаў, якія я ведаю па генуэскі, ніводнага нельга паўтараць”, - усміхаючыся прызнаваўся кардынал Берголіа.

Будучы Папа нарадзіўся 17 снежня 1936 г. Ён быў чацвёртым з пяці дзяцей. Успамінаючы маленства, ён падкрэсліваў сувязь з дзядуляй і асабліва бабуляй па бацькавай лініі, якую называў самым любімым чалавекам на зямлі. Яны жылі недалёка, і таму бабуля часта прыходзіла, каб дапамагчы яго маці. “Бабуля (...) прыходзіла, забірала мяне ў свой дом, а прыводзіла назад толькі вечарам”, - успамінаў арцыбіскуп Буэнас-Айрэса. Ён адзначаў, што паміж сабой дарослыя размаўлялі па-пьемонцку. Яго бацька, аднак, не карыстаўся дыялектам у прысутнасці дзяцей. Ён спрабаваў заглушыць настальгію па Радзіме і глядзець наперад, падкрэсліваў будучы Папа.

Марыё Берголіа любіў граць у баскетбол і часта браў з сабой маленькага Хорхэ. Па выходных, разам з маці, яны слухалі оперу, якую перадавалі па Нацыянальным радыё. Дзеці збіралася каля радыёпрыёмніка, а маці апавядала пра змест таго ці іншага музычнага твору. Калі пачыналіся важныя фрагменты яна казала: “Слухайце уважліва, гэта вельмі прыгожы спеў”, ці, напрыклад, падчас праслухоўвання “Атэла” папярэджвала: “Увага! Зараз ён яе заб’е!”. “Праводзіць суботы з маці і маімі братамі, знаёмячыся з мастацтвам, было цудоўна!”, - успамінаў Хорхэ Берголіа.

Менавіта ў сям’і будучы Папа навучыўся кулінарнаму мастацтву. Пасля нараджэння апошняга дзіця Рэджына Сіворы некаторы час не магла займацца хатняй гаспадаркай, таму тлумачыла дзецям, як трэба гатаваць ежу. Арцыбіскуп Берголіа успамінаў пазней, што гэты досвед быў для яго карысным, бо будучы рэктарам езуіцкай калегіі, ён быў вымушаны сам гатаваць для студэнтаў па нядзелях, калі павары адпачывалі. На пытанне журналістаў: “Ці добра атрымлівалася?”, ён сціпла прызнаваўся: “Ніхто не памёр”.

Святы Айцец з глыбокай цеплынёй успамнае пра сваю сям’ю. Ён неаднойчы ставіў яе ў прыклад падчас сваіх публічных выступленняў. Уласны досвед зрабіў яго перакананым абаронцам гэтага інстытута, што відавочна ўжо зараз, па прашэсці некалькіх месяцаў яго Пантыфікату.

Аляксандр Панчанка паводле кнігі "Papa Francesco. Il nuovo Papa si racconta". Conversazione con Francesca Ambrogetti e Sergio Rubin.







All the contents on this site are copyrighted ©.