2013-12-12 11:44:51

Папа Францішак заклікаў суцішыцца перад святамі Божага Нараджэння


RealAudioMP3 Рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння было б добра суцішыцца, каб паслухаць Бога, Які прамаўляе з пяшчотай бацькі або маці. Такую параду даў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі 12 снежня 2013. Каментуючы фрагмент Кнігі прарока Ісаі, Святы Айцец звярнуў увагу на тое, як Бог размаўляе з людзьмі. Паводле Францішка, Ён пахіляецца над чалавекам і прамаўляе пяшчотныя словы, на падабенства бацькі, які супакойвае дзіця, прысніўшае кепскі сон: “не бойся, не бойся, я тут”. Папа адзначыў, што бацькі, размаўляючы з дзецьмі, становяцца падобнымі да іх, “становяцца маленькімі”, “прамаўляюць дзіцячым голасам і жэстамі”. “Так робіць і Пан”, - адзначыў Пантыфік і нагадаў, што грэцкія тэолагі тлумачылі такі стыль паводзінаў Бога складаным словам “synkatabasi”, што азначае “ласкавасць Бога, Які пажадаў стаць адным з нас”.

Такім чынам, на думку Святога Айца, трэба быць уважлівымі не толькі да таго, што Бог кажа, але таксама і як Ён гэта робіць. “І мы павінны рабіць тое ж, што робіць Пан, рабіць тое, што кажа і рабіць так, як кажа: з любоўю, пяшчотай, ласкавасцю да братоў”, - падкрэсліў Францішак.

Папа нагадаў, што Бог аб’явіўся прароку Іллі ў “ціхім ветрыку”. “Так набліжаецца Пан, з гэтым гучаннем цішыні ўласцівым любові. Не робячы шоў”, - сказаў Пантыфік і заклікаў прыслухоўвацца да “музыкі мовы Пана” рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.