2013-12-27 13:52:43

Беларусь: трывае падрыхтоўка да Чэмпіянату Еўропы па футболе сярод святароў


RealAudioMP3 24-28 лютага 2014 г. горад Ліда стане сталіцай VIII Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў. У Беларусі гэта спаборніцтва адбудзецца ўпершыню. Магчыма, не выпадкова. Ужо некалькі гадоў беларускія святары ўдзельнічаюць у еўрапейскіх чэмпіянатах і кожны раз паказваюць усё лепшыя вынікі, што і заўважылі ў аргкамітэце Чэмпіянату Еўропы. Аб падрыхтоўцы да еўрапейскага турніру мы запыталі кс. Паўла Салабуду, капітана каманды Гродненскай дыяцэзіі і арганізатара маючага адбыцца спаборніцтва з боку Каталіцкага Касцёла Беларусі.

Кс. Павел, колькі разоў беларускія святары змагаліся за Кубак і чаго атрымалася дасягнуць?

Беларускія святары ўдзельнічалі ўжо ў трох Чэмпіянатах, якія праходзілі ў Польшчы, Венгрыі і Славеніі. Калі ехалі першы раз, нават не думалі, што будзе такі ўзровень. І тады мы занялі апошняя месца. Наступныя разы мы былі на 8 і 9 месцы сярод 13 каманд. Можна заўважыць наш маленькі прагрэс. Таксама і тое, што ўзровень гэтых спаборніцтваў вельмі высокі. Калі раней, напрыклад, былі толькі чатыры каманды высокага ўзроўню – палякі, партугальцы, баснійцы і харваты, то на апошніх спаборніцтвах былі і іншыя добра падрыхтаваныя каманды. Партугальцы былі шостымі, а славакі – чацвёртымі. Мы гулялі з партугальцамі і прайгралі толькі два мячы.

Колькі футбольных каманд сярод святароў існуе ў Беларусі? Вядома, Беларусь на еўрапейскім спаборніцтве прадставіць зборная краіны. Як фарміравалі склад каманды?

На сённяшні дзень у Беларусі існуе 4 каманды – Гродненскай, Віцебскай, Пінскай дыяцэзій і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Гэты каманды ўдзельнічаюць у Чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе сярод святароў, які сёлета адбыўся ў Лепелі, ужо ў другі раз. Мы запрасілі прафесійнага трэнера. Ён паглядзеў, як гуляюць у футбол святары не толькі Гродненская дыяцэзіі, але і іншых дыязэзій. На VIII Чэмпіянаце Еўропы ў нашай камандзе будуць гуляць, вядома, найлепшыя.

Ці ёсць прафесійныя спартсмены ў камандзе? І як ідзе падрыхтоўка да Чэмпіянату Еўропы?

Прафесійных спартсменаў у камандзе няма, гуляе той, каму проста падабаецца гуляць у футбол. Падрыхтоўка, у першую чаргу, гэта ўдзел у Чэмпіянаце Беларусі, на якім ужо два гады запар перамаглі святары Гродненскай дыяцэзіі. А зараз мы збіраемся раз у тыдзень і гуляем, каб лепш падрыхтавацца да еўрапейскага турніру.

Акрамя выключна спартыўнай складаючай, што прынясе краіне і Каталіцкаму Касцёлу правядзенне Чэмпіянату менавіта ў Беларусі?

Спартыўныя сустрэчы такога фармату перш за ўсё маюць духоўна-інтэграцыйны характар і дазваляюць святарам з розных краін лепш пазнаць адзін аднаго, святары пазнаёмяцца з нашымі традыцыямі, з нашымі людзьмі, з верай беларусаў. Яны, напэўна, будуць пад уражаннем ад таго, наколькі нашы людзі любяць Бога і Касцёл. Акрамя спаборніцтва, ёсць дзень, калі мы пакажам нашу краіну – запланаваны выезд у Мір, Нясвіж, калі хопіць часу таксама ў Гродна. А тыя святары, каманды, якія прыляцяць у Мінск, пабачаць і беларускую сталіцу.

Чым увогуле адрозніваюцца такія спаборніцтвы ад шматлікіх іншых? Ці каманды проста змагаюцца за галоўны прыз (залаты медаль, першае месца, кубак), ці ёсць іншыя, звышмэты?

Спаборніцтва – гэта перш за ўсё змаганне. І кожны хоча перемагчы. У гэтым годзе, напэўна, больш за ўсіх хочуць гэтага беларускія святары. Таксама гэта магчымасць для святара трымаць сябе ў добрым стане, добрае здароўе спрыяе добраму выкананню абавязкаў. Гавораць, у здаровым целе – здаровы дух. Спорт гартуе цела, гартуе дух, выхоўвае да адказнасці, салідарнасці, узаемадапамогі. Усе мы ведаем, што благаслаўлёны папа Ян Павел II вельмі любіў спорт і шмат ім займаўся. На такіх спаборніцтвах вельмі добрая атмасфера. Я запрашаю ўсіх наведаць VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Нават, калі першы Чэмпіянат Беларусі праходзіў у Лідзе, прыйшло вельмі шмат людзей. Хтосьці адзначыў, што, калі ў Лідзе гуляла прафесійная каманда, не было столькі заўзятараў. Спадзяюся, што і на Чэмпіянат Еўропы ў лютым 2014 г. прыйдзе шмат людзей, каб нас падтрымаць.

Дзякуй за размову!








All the contents on this site are copyrighted ©.