2014-01-04 13:57:39

"Хрысціянства і літаратура". Джоан Кэтлін Роўлінг (VII)


RealAudioMP3 Сёння мы працягваем знаёміцца з творчасцю Джоан Кэтлін Роўлінг, на прыкладзе яе вядомай сэрыі кніг пра Гары Потэра. У мінулай перадачы я закрануў тэму навяртання і мы разгледезі асобу хатняга эльфа Крычара (у расійскім перакладзе – Кікімер), які перажыў сваеасаблівую метаною, перамяняючыся з азлобленага і не сымпатычнага слугі ў шчырага прыхільніка Гары Потера і барацьбіта супраць Воландэморта. Сёння мы пачнем з таго, што працягнем тэму эльфаў і пазнаёмімся з яшчэ адным прадстаўніком гэтай магічнай расы – Добі.


Эльфы і свабода


Я ўжо ўзгадваў у мінулай перадачы пра тое, што хатнія эльфы – гэта фактычна нявольнікі чараўнікоў, якія могуць атрымаць свабоду толькі пры адной умове – атрымаць з рук свайго гаспадара нейкую вопратку ў дар. Няволя не асабліва турбуе хатніх эльфаў, яны ўспрымаюць яе як нешта натуральнае. У сваёй працы на гаспадароў яны бачаць сэнс жыцця. Гэта чароўная раса можа быць архетыпам пэўнай групы людзей з адпаведным светапоглядам і стаўленнем да жыцця.


Сапраўды, Роўлінг па-мастацку карыстаецца гэтым мастацкім вобразам, каб звярнуць нашу ўвагу, што свабода – гэта рэч вельмі далікатная ды не кожны ў стане свабодай скарыстацца сабе на дабро, не кожны гатовы да таго, каб быць у поўні свабодным.


Вось жа ў чацьвёртай кнізе патарыяды сяброўка Гары – Герміёна Грэйнджэр – сутыкаецца з нявольніцтвам эльфаў. Яна абурана гэткай з'явай і вырашае змагацца за іх права. Для гэтага Герміёна стварае арганізацыю пад назвай "Грамадскае аб'яднанне ўзнаўлення незалежнасці эльфаў", у скарачэнні "Г.А.Ў.Н.Э.". Уступілі ў гэту арганізацыю "дабраахвотна-прымусова" Гары Потер і Рон Увізлі. Аднак бурная дзейнасць за правы эльфаў не выклікае энтузіязм ў саміх эльфаў – яны не жадаюць каб іх прымусова вызвалілі, а працаваць за грошы для іх здаецца абсурдам. Праз нейкі час Герміёна адмаўляецца ад свайго "грамадскага аб'яднання", але ўсё роўна марыць даць эльфам свабоду.


Добі – вольны эльф


Аднак і сярод эльфаў бываюць выключэнні. І такім выключэннем з'яўляецца эльф Добі – вольны эльф. Самому вызваленне эльфа папярэджвае асобная гісторыя, якую я не буду пераказваць – скажу толькі, што гэта Гары спрычыніўся таму, што Добі стаў вольным эльфам.


Добі заўсёды ставіўся да Гары вялікай любоўю і павагай, а пасля свайго вызвалення быў бязмерна ўдзячны маладому чараўніку. Добі дапамагае Гары і яго сябрам у розных складаных сітуацыях, аж урэшце ратуючы іх аддае сваё жыццё. Гэта вельмі кранальны момант у кнізе, калі Гары пакутуе з-за смерці Добі ды сваімі ўласнымі рукамі (без дапамогі чараў) выкапвае яму магілу ды хавае яго. Роўлінг у ўзаемаадносінах Гары і Добі паказала такія агульначалавечыя і хрысціянскія вартасці, як вернасць, сяброўства, удзячнасць, спачуванне, гераізм і любоў.


Сям'я Малфлояў


Скончыўшы з эльфамі вернемся на яшчэ на момант да тэмы навяртання. На гэты раз прыгледзімся да сям'і Малфлояў – Люціуса, Нарцысы і іх сына Драко. Гэта сям'я багатых чыстакроўных чараўнікоў, шляхетнага роду. Люцыўс Малфлой – пажыральнік смерці са стажам. Ён напышлівы і пагардлівы ў адносінах да бедных і тых, хто не можа пахваліцца чысцінёй крыві. Яго сын – Драко – падобна сябе паводзіць у адносінах да Гары і яго сяброў.


Напрацягу ўсёй патарыяды адбываецца супрацьстаянне паміж Гары і яго сябрамі з аднаго боку ды Малфлоямі з другога. Гэтак у другой кнізе Гары Потэр і Таемны пакой, Люцыус прыносіць Дзённік Рэдла (цяжкрыж Воландэморта) ў Хогвартс, што амаль не стаецца прычынай смерці Джынні Ўвізлі. У маёнтку Люцыўсаў размяшчаецца штаб-кватэра Пажыральнікаў смерці...


Гэта далёка не поўны спіс усіх злачынстваў Люцыуса і яго блізкіх, аднак ёсць нешта такое, што выклікае сімпатыю да гэтай сям'і. Мяркую, што гэтую сімпатыю выклікае любоў і салідарнасць паміж самімі Малфлоямі. Драко шчыра любіць і ганарыцца сваім бацькам, а Люцыўс прымае актыўны ўдзел у жыцці свайго сына, намагаецца зрабіць для яго як найлепш (вядома паводле свайго разумення). Ён уваходзіць у раду апекуноў школы, купляе слізэрынскай камандзе гульцоў у квідзіч новыя мётлы (гэтым фактычна купляючы месца лаўца для Драко ў камандзе).


Асабліва належыць адзначыць любоў Нарцысы да свайго сына. Яна прадстае чытальніку як ўзорная маці. Нарцыса настойвае, каб Драко вучыўся ў Хогвардзе не далёка ад дома (бацька ж хацеў яго адправіць у вучэльню для чыстакроўных), яна пасылае сыну кожны дзень, напрацягу першага году навучання, цукеркі ды пірагі...


Калі Люцыуса, пасля няўдалай аперацыі Пажыральнікаў смерці, кідаюць у вязніцу Азкабан, а Воландэморт загадвае Драко забіць свайго дырэктара школы Дамблдора, Нарцыса разумее, што гэта смяротны вырак яе сыну. Яна кідаецца па дапамогу да адзінага чалавека, якому яна давярае – да Сэверуса Снэйпа. Прафесар зелляварэння сапраўды дае ёй абяцанне дапамагчы яе сыну, якое стрымлівае.


Хоць паміж Гары і Драко пануюць варожыя адносіны, аднак у іх Драко не ў стане перайсці пэўную маральную мяжу. Калі Гары са скажоным закляццем тварам трапляе ў палон Пажыральнікаў смерці і Белатрыса просіць Драко апазнаць Потера, але той не дае станоўчы адказ. Увогуле складваецца ўражанне, што калі Драко непасрэдна сутыкнуўся з сапраўдным злом, то ён разумее, што не жадае мець з ім нічога супольнага.


Урэшце падчас апошняй бітвы за Хогвартс, калі Цёмны Лорд задвае Нарцысе праверыць, ці Гары сапраўды памёр, паміж імі адбываецца наступны кароткі дыялог: «Ён жывы? Драко ў замку?», - запытала ледзь чутна Нарцыса. «Так» - гэтак жа ціха выдыхнуў Гары. Пасля гэтага Нарцыса крычыць Воландэморту, што Гары мёртвы. Гэта вельмі шляхетны ўчынак, з якога чараўніца не мела нейкай асабістай выгады. Нарэшце падчас бітвы Малфлоі нават не спрабуюць біцца – яны шукаюць адзін аднаго, каб уратаваць тое, што для іх найбольш каштоўнае – іх сям'ю.


Сябры, клапаціцеся пра сваю сям'ю і... добрага вам чытання!

a. Андрэй Буйніч








All the contents on this site are copyrighted ©.