2014-01-09 12:47:04

Кардынал Тарксан: католік ў палітыцы – для евангелізацыі сацыяльнага парадку


RealAudioMP3 Даследванні, сацыяльная дзейнасць і адукацыя – гэты тры элементы павінны быць мэтай каталіцкіх універсітэтаў, каб выхаваць палітыкаў, здольных евангелізаваць свет, падкрэсліў кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”. Ватыканскі пурпурат выступіў падчас адкрыцця нацыянальнай канферэнцыі Асацыяцыі каталіцкіх універсітэтаў Філіпінаў 9 студзеня 2014 г. Ён пазнаёміў удзельнікаў форума з дакладам на тэму “Выхаванне католікаў, задзейнічаных у палітыцы – місія каталіцкіх універсітэтаў”.

Паводле пурпурата, даследчая дзейнасць каталіцкіх вышэйшых навучальных устаноў “павінна быць прысвечана метадам вырашэння праблем, якія пагражаюць мірнаму суіснаванню і чалавечаму дабрабыту”. Галоўным прынцыпам, на яго думку, павінен заставацца “пошук праўды”, дзякуючы якому “можна так чытаць і інтэрпрэтаваць рэальнасць, каб бачыць патрэбу ў сацыяльнай справядлівасці ў канкрэтных сітуацыях”.

Сацыяльную дзейнасць каталіцкіх універсітэтаў кардынал Тарксан назваў актам адказнасці перад грамадствамі. Універсітэты – гэта выдатныя месцы для дыялогу, у якіх сустрэча розных поглядаў і інтарэсаў можа спрыяць агульнаму дабру. Акрамя таго, на думку пурпурата, тут можна “выхоўваць добрых католікаў, якія стануць выдатнымі палітыкамі”.

Місія каталіцкіх універсітэтаў, паводле кардынала – “навучыць думаць крытычна і разважліва”, “насуперак логіцы рынку”, памятаючы пра патрэбы бедных. Быць каталіцкім палітыкам, паводле кардынал Тарксана, азначае “быць прадстаўніком Евангелля ў свеце і евангелізаваць сацыяльны парадак, на падабенства зачыну”.








All the contents on this site are copyrighted ©.