2014-01-12 13:04:37

Пантыфік назваў імёны новых кардыналаў


RealAudioMP3 Святы Айцец абвясціў 12 студзеня 2013 г. імёны новых кардыналаў. Гэта адбылося падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. “Як было абвешчана раней 22 лютага, у свята Катэдры св. Пятра, я буду мець радасць склікаць кансісторый, падчас якога прызначу 16 новых кардыналаў, якія, прыналежачы да 12 народаў з розных частак свету, прадстаўляюць цесную касцёльную сувязь паміж Касцёлам Рыма і іншымі Касцёламі па ўсім свеце”, - сказаў Святы Айцец. Ён назваў кандыдатаў на атрыманне кардынальскай годнасці. Першым прагучала імя арцыбіскупа Пьетра Параліна, Дзяржсакратара Яго Святасці Папы. Кардыналамі стануць таксама: арцыбіскуп Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар Сінода Біскупаў; арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння; арцыбіскуп Беньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства; арцыбіскуп Вэстмінстэра (Англія) Вінцэнт Нікалс; арцыбіскуп Манагуа (Нікарагуа) Леапольда Хасэ Саларсана; арцыбіскуп Квэбэка (Канада) Жэраль Сіпрыян Лакруа; арцыбіскуп Абіджану (Кот д’Івуар) Жан-Пьер Кутва; арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія) Арані Тэмпеста; арцыбіскуп Перуджы (Італія) Гвальцьера Басэці; арцыбіскуп Буэнас-Айрэсу (Аргентына) Марыа Аўрэліа Полі; арцыбіскуп Сеулу (Карэя) Андру Ём Су Чжун; арцыбіскуп Санцьяга (Чылі) Рыкарда Эсаці Андрэла; арцыбіскуп Уагадугу (Буркіна-Фасо) Філіпэ Накелентуба Уэдраога; арцыбіскуп Катабата (Філіпіны) Арланда Уэвэда; біскуп Ле-Ке (Гаіці) Шылбі Ланглуа.

У кардынальскую калегію ўвойдуць таксама тры арцыбіскупы на пенсіі, “якія вызначыліся сваім служэннем Святому Пасаду і Касцёлу”. Гэта: арцыбіскуп Лорыс Франчэска Капавіла, арцыбіскуп Фернанда Себасцьян Агілар і арцыбіскуп Кельвін Эдвард Фелікс.

У сваім выбары Папа прытрымліваўся прынцыпу наяўнасці 120 кардыналаў-выбаршчыкаў. На гэты момант было 13 “вакантных” месцаў, яшчэ 3 “звольняцца” да канца мая. Такім чынам, Святы Айцец вызначыў 16 новых пурпуратаў. Сярод іх 4 працуюць у Рымскай курыі, 12 – арцыбіскупы або біскупы з розных краін. 2 прадстаўляюць Еўропу, 3 – Цэнтральную і Паўночную Амерыку, 3 – Паўднёвую Амерыку, па 2 – Афрыку і Азію.







All the contents on this site are copyrighted ©.