18 студзеня 2014 г.
пачаўся Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, сёлетняй тэмай якога з’яўляюцца
словы з Першага паслання апостала Паўла да Карынцянаў: “Хіба падзяліўся Хрыстус?”.
Ініцыятыва працягнецца да 25 студзеня. За дзень да яе пачатку папа Францішак сустрэўся
з экуменічнай дэлегацыяй з Фінляндыі. Ён заклікаў не спыняцца на шляху аднаўлення
еднасці паміж вызнаўцамі Хрыста і заставацца вернымі Яго словам: “каб усе былі адно”.
Аб значэнні Тыдня малітваў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё расказаў старшыня Папскай
рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. На яго думку сёлетняя тэма
ініцыятывы, з’яўляецца пэўнага кшталту душпастырскім выклікам.
“Яшчэ з маленства
мяне ўражвала гісторыя, калі рымскія салдаты дзялілі тое, што належала Пану – Яго
вопратку. Яны не хацелі яе парваць, але пакінуць цэлай. Так яна стала ў гісторыі знакам
адзінства Касцёла. Мяне ўражвала таксама, што мы хрысціяне зрабілі тое, што не зрабілі
салдаты – мы разарвалі вопратку Пана. Цяпер неабходна шмат працы, каб яе злучыць...”,
- лічыць пурпурат.
Гаворачы пра адносіны з Праваслаўнымі Цэрквамі кардынал
Кох адзначыў, што хутка ўмацоўваецца сяброўства, развіваецца дыялог і супрацоўніцтва,
сведчаннем чаму з’яўляюцца візіты, якія ён здзейніў на працягу мінулага года ў Румынію
і Расію. Менш паспяховы, на яго думку, тэалагічны дыялог, які ў многім стрымліваецца
з-за пазіцыі Праваслаўных Цэркваў па пытанні аб прымаце св. Пятра. Кардынал Кох адзначыў,
што нядаўна, па ініцыятыве аднаго грэцкага мітрапаліта пачаўся унутры-праваслаўны
дыялог па гэтым пытанні, што з’яўляецца “пазітыўным” фактам.