2014-01-29 11:29:29

Канфірмацыя дапамагае жыць па-хрысціянску


RealAudioMP3 Калі дазваляем Святому Духу ўвайсці ў сэрца, сам Езус пачынае праз нас маліцца, прабачаць, даваць надзею, клапаціцца пра іншых і сеяць спакой, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 29 студзеня 2014 г. Сваю трэцюю катэхезу на тэму сакрамэнтаў Пантыфік прысвяціў канфірмацыі (бежмаванню). У першую чаргу ён падкрэсліў сувязь, якая існуе паміж канфірмацыяй і хростам. Паводле Святога Айца, першы сакрамэнт з’яўлецца працягам другога, а сувязь паміж імі “непарыўная”. “Гэтыя два сакрамэнты, разам з Эўхарыстыяй, складаюць адзіную збаўчую падзею – “хрысціянскую ініцыяцыю” – праз якую мы далучаемся да Езуса Хрыста, памерлага і ўваскрослага, і становімся новымі стварэннямі і членамі Касцёла. Вось чаму напачатку гэтыя тры сакрамэнты цэлебраваліся разам – на заканчэнне катэхуменальнага шляху, звычайна ў пасхальную вігілію. Так заканчваўся шлях фармацыі і паступовага ўключэння ў хрысціянскую супольнасць, які мог працягвацца нават некалькі гадоў”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што сакрамэнт канфірмацыі называецца таксама “бежмаваннем” – словам, якое можна перакласці як “намашчэнне”. Праз алей хрызма, які ўжываецца падчас гэтага сакрамэнту, дзякуючы моцы Духа, мы становімся падобнымі да Езуса Хрыста, адзінага сапраўды “Намашчанага”, “Месіі”, “Святога Божага, падкрэсліў Пантыфік.

“Тэрмін “канфірмацыя” азначае, што гэты сакрамэнт спрыяе росту ласкаў хросту: мацней яднае нас з Хрыстом, прыводзіць да спаўнення нашу сувязь з Касцёлам, дае асаблівую сілу Святога Духа, неабходную, каб распаўсюджваць і бараніць веру, вызнаваць імя Хрыста і не саромецца крыжа”, - адзначыў Папа. У сувязі з гэтым, Святы Айцец падкрэсліў, што асабліва важна, каб моладзь атрымлівала сакрамэнт канфірмацыі і “не заставалася на палове шляху, не атрымаўшы Святога Духа”. Папа заклікаў да забеспячэння добрай падрыхтоўкі кандыдытаў да бежмавання: яна павінна весці да асабістага злучэння з верай у Хрыста і абуджаць пачуццё прыналежнасці да Касцёла.

Францішак нагадаў, што “канфірмацыя, як і кожны сакрамэнт – гэта не чалавечая, але Божая ініцыятыва”. Менавіта Ён клапоціцца, каб сфарміраваць вернікаў на падабенства свайго Сына: зрабіць “здольнымі любіць, як Ён”. Менавіта таму Бог вылівае Святога Духа, дзейнасць Якога прасякае ўсю асобу і ўсё жыццё, што бачна з сямі дароў, якія Традыцыя, у святле Святога Пісання, заўсёды вызначала – мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці, боязі Божай. Пантыфік адзначыў, што гэтым дарам жадае прысвяціць наступны цыкл катэхез, які пачнецца пасля цяперашняга, прысвечанага сакрамэнтам.

“Калі прымаем Святога Духа ў наша сэрца і дазваляем Яму дзейнічаць, сам Хрыстус становіцца прысутным сярод нас і набывае форму ў нашым жыцці. Праз нас Ён – паслухайце гэта добра – праз нас сам Хрыстус будзе маліцца, прабачаць, выліваць надзею і суцяшэнне, служыць братам, набліжацца да патрабуючых і апошніх, ствараць адзінства, сеяць спакой”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў памятаць пра атрыманне сакрамэнту канфірмацыі, “каб дзякаваць Пану за гэтыя дары” і прасіць, “каб дапамог жыць па-хрысціянску, заўсёды радасна крочыць у згодзе са Святым Духам, які нам быў падараваны”.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 31 студзеня Касцёл будзе адзначаць успамін св. Яна Боска. Ён пажадаў, каб гэты “айцец і настаўнік” суправаджаў моладзь у вучобе і выхаванні. Хворых Пантыфік заклікаў не губляць надзеі нават у моманты цяжкіх пакутаў, а маладых сужонкаў – натхняцца салезіянскай мадэллю любові ў шматбаковым выхаванні дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.