Ватыкан: прадстаўлены мэты Году кансэкраванага жыцця
Кансэкраваныя асобы
жадаюць “абудзіць свет” сваім прароцкім сведчаннем, асабліва прысутнасцю на экзістэнцыяльных
перыферыях беднасці і мыслення, адзначыў прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў
кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця кардынал Жуан Браз дэ Авіс.
31 студзеня 2014 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы пурпурат пазнаёміў журналістаў
з некаторымі думкамі адносна Году кансэкраванага жыцця, які будзе адзначацца Касцёлам
на працягу 2015 г. Аб ім папа Францішак абвясціў некалькі месяцаў таму падчас сустрэчы
ў Ватыкане з генеральнымі настаяцелямі мужчынскіх манаскіх супольнасцяў.
Кардынал
Дэ Авіс адзначыў, што Кангрэгацыя, якую ён узначальвае, ужо пачала падрыхтоўку да
Году кансэкраванага жыцця і вылучыла яго асноўныя мэты. Першая з іх тычыцца “удзячнага
ўспаміну аб мінулым”, у першую чаргу аб укладзе ІІ Ватыканскага Сабора ў аднаўленне
жыцця манаскіх упольнасцяў, і разважання над спадчынай гэтай падзеі.
Другая
мэта тычыцца абнаўлення упэўненага погляду ў будучыню. Існуючы крызіс ў грамадстве
і Касцёле, на думку кардынала, не павінен стаць “калідаром, які вядзе да смерці”,
але нагодай для роста ў глыбіню, нагодай для надзеі на тое, што кансэкраванае жыццё
не знікне ў Касцёле, таму што было пажадана самім Хрыстом.
Нарэшце апошняя
мэта Году кансэкраванага жыцця тычыцца закліку пра перажывання цяперашняга ў духу
гарачай любові, сапраўднага сяброўства і глыбокай еднасці – абуджэння свету сведчаннем,
адзначыў ватыканскі пурпурат.