2014-02-12 11:05:48

Эўхарыстыя дапамагае ўбачыць у іншых аблічча Езуса


RealAudioMP3 Чым для нас з’яўляецца Эўхарыстыя і наколькі мы жывём гэтым дарам? Адказу на гэтыя пытанні прысвяціў сваю катэхезу папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 12 лютага 2014 г. Пантыфік заклікаў вернікаў задумацца, ці з’яўляецца для іх удзел у Эўхарыстыі нечым большым, чым проста святочным момантам, традыцыяй або нагодай адчуць сябе ў парадку адносна Бога. Ці сапраўды яна кранае сэрца? Паводле Святога Айца, “існуюць вельмі канкрэтныя сігналы” для таго, каб зразумець, як перажываем Эўхарыстыю. Першы з іх – гэта нашы адносіны да іншых, наша стаўленне да іх. “Калі мы ўдзельнічаем у св. Імшы, знаходзімся побач з людзьмі рознага тыпу: моладдзю, пажылымі, дзецьмі, беднымі і багатымі, мясцовымі і незнаёмцамі, якіх суправаджаюць блізкія, і самотнымі... Але Эўхарыстыя, якую святкую, ці дазваляе яна мне па-сапраўднаму адчуць іх усіх братамі і сёстрамі? Ці спрыяе яна росту ў-ва мне здольнасці радавацца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача? Ці падштурхоўвае ісці да бедных, хворых, маргіналізаваных? Ці дапамагае ўбачыць у іх аблічча Езуса?”, - спытаў Папа і прапанаваў кожнаму адказаць на гэтыя пытанні.

Другім, “вельмі важным” ключом для разумення, наколькі жывём Эўхарыстыяй, з’яўлецца ласка адчування прабачэння і гатоўнасць прабачаць, лічыць Святы Айцец. Ён нагадаў, што для ўдзелу ў Эўхарыстыі важна прызнаваць патрэбу “быць прынятым і адроджаным міласэрнасцю Бога, які стаў целам у Езусе Хрысце”. Калі нехта не адчувае сябе грэшнікам, лепш няхай не ідзе на св. Імшу, сказаў Пантыфік. “Мы ніколі не павінны забывацца, што Апошняя Вячэра Езуса мела месца “у тую ноч, калі Ён быў выдадзены”. У гэтым хлебе і віне, якія ахвяруем і вакол якіх збіраемся, кожны раз абнаўляецца дар Цела і Крыві Хрыста для адкуплення нашых грахоў. Мы павінны ісці на св. Імшу пакорна, як грэшнікі. І Пан дасць нам прымірэнне”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, важнымі таксама з’яўляюцца адносіны паміж эўхарыстычнай цэлебрацыяй і жыццём хрысціянскіх супольнасцяў. Ён нагадаў, што Эўхарыстыю здзяйсняюць не людзі – гэта не проста ўспамін пра тое, што ўчыніў Езус, але ў ёй сам Хрыстус становіцца прысутным на алтары, “збірае вакол сябе вернікаў, каб насыціць іх сваім словам і сваім жыццём”.

“Гэта азначае, што місія і тоеснасць Касцёла паходзяць адсюль, з Эўхарыстыі, і тут пастаянна набываюць форму. Знешне цэлебрацыя можа здавацца нават дасканалай, але, калі яна не вядзе да сустрэчы з Езусам, рызыкуе не прыносіць ніякага насычэння нашаму сэрцу і нашаму жыццю. Праз Эўхарыстыю, аднак, Хрыстус хоча ўвайсці ў наша існаванне і прасякнуць яго сваёй ласкай, так, каб у кожнай хрысціянскай супольнасці была адпаведнасць паміж літургіяй і жыццём”, - сказаў папа Францішак.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 14 лютага 2014 г. Касцёл будзе ўспамінаць св. Кірыла і св. Мятода, евангелізатараў славянскіх народаў і апекуноў Еўропы. Ён заклікаў моладзь углядацца ў іх сведчанне і самім станавіцца місіянерамі, хворых – чэрпаць сілы з іх прыкладу і ахвяроўваць свае пакуты за навяртанне грэшнікаў, а маладых сужонкаў – зрабіць Евангелле “фундаментальным правілам” сямейнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.