Папа: інвеставаць у прафесійную і духоўную падрыхтоўку каталіцкіх настаўнікаў
“Каталіцкая адукацыя
– гэта адзін з самых важных выклікаў для Касцёла, занятага новай евангелізацыяй у
культурным і гістарычным кантэксце”, - сказаў папа Францішак падчас сустрэчы з членамі
Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. Аўдыенцыя адбылася 13 лютага 2014 г. з нагоды пленарнага
пасяджэння гэтай ватыканскай дыкастэрыі. Падчас яе Святы Айцец вылучыў тры аспекты,
актуальныя для гэтай сферы. У першую чаргу, на яго думку, неабходна памятаць пра каштоўнасць
дыялога. Папа нагадаў, што нягледзячы на вялікую колькасць прадстаўнікоў іншых веравызнанняў
у каталіцкіх школах і інстытутах, пакліканнем гэтых устаноў з’яўляецца знаёмства з
“хрысціянскай прапановай” – прадстаўленне Езуса Хрыста ў якасці сэнсу жыцця, сусвету
і гісторыі. Яно павінна адбывацца з павагай да свабоды кожнага і метадамі, уласцівымі
навучальным асяроддзям, падкрэсліў Пантыфік.
Іншым важным аспектам, на думку
Святога Айца з’яўляецца кваліфікаваная падрыхтоўка выхавацеляў. “Выхавацель у каталіцкіх
школах павінен быць перш за ўсё кампетэнтным, кваліфікаваным”, - адзначыў Папа і дадаў,
што не трэба забывацца аб чалавечым і педагагічным аспекце ў камунікацыі з моладдзю.
Моладзь, падкрэсліў ён, мае патрэбу не толькі ў тым, каб каштоўнасці абвяшчаліся,
але і каб сведчыліся. Пантыфік заклікаў больш “інвеставаць” у прафесійную і духоўную
падрыхтоўку каталіцкіх настаўнікаў і выкладчыкаў.
Францішак таксама адзначыў
важнасць узаемадзеяння каталіцкіх і касцёльных навучальных устаноў са светам – яны
не павінны ізаляваць сябе, але “з адвагай узыходзіць на арэапаг сучасных культур і
ўключацца ў дыялог, усведамляючы дар, якія могуць перадаць іншым”.