2014-02-21 15:05:31

Святы Айцец і кардыналы заклікалі да міру і паяднання ва ўсім свеце


RealAudioMP3 Падчас надзвычайнага кансісторыя Папа і Калегія кардыналаў асаблівым чынам маліліся за шматлікіх хрысціян, якія, у розных частках свету ўсё часцей становяцца ахвярамі актаў нецярпімасці і пераследу. Тым, хто пакутуе дзеля Евангелля, Святы Айцец і кардыналы паабяцалі сваю пастаянную малітву і заклікалі цвёрда стаяць у веры і дараваць сваім ганіцелям, заявіў кс. Фэдэрыка Ламбардзі 21 лютага 2014 г. у сваёй спецыяльнай заяве. На кансісторыі была таксама выказана салідарнасць з народамі, якіх раздзіраюць унутраныя канфлікты або сур’ёзная напружанасць. Тут гаворка ідзе пра Паўднёвы Судан і Нігерыю, дзе працягваюцца напады, якія забіраюць шмат нявінных жыццяў, і, у той жа час, пашыраецца клімат абыякавасці.

Была выказана “асаблівая заклапочанасць” “драматычнай эвалюцыяй сітуацыі ва Украіне”, гаворыцца ў дэкларацыі кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду, і прагучаў заклік “аператыўна спыніць насілле і аднавіць гармонію і мір”.

Занепакоенасць Папы і кардыналаў звязана таксама з сітуацыяй у Сірыі і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. Тут усё больш і больш актуальнай становіцца ініцыятыва міжнароднай супольнасці па забеспячэнні спакою і прымірэння ўнутры гэтых краін, аднаўлення бяспекі і вяршэнства закона.

Многія канфлікты падаюцца памылкова як рэлігійныя, але ў першую чаргу іх карані маюць этнічнае, палітычнае ці эканамічнае паходжанне, было заўважана ў заяве. Каталіцкі Касцёл асуджае ўсе віды насілля ў імя рэлігійнай прыналежнасці і будзе працягваць падтрымліваць імкненне да міру і паяднання праз міжрэлігійны дыялог і шматлікія дабрачынныя ініцыятывы ў любым пункце свету, гаворыцца ў дэкларацыі кс. Ламбардзі, прымеркаванай да надвычайнага кансісторыя.







All the contents on this site are copyrighted ©.