2014-02-26 11:45:37

Намашчэнне хворых – гэта не табу, а дапамога Езуса


RealAudioMP3 Сакрамэнт намашчэння хворых дапамагае дакрануцца да спачування Бога чалавеку, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 26 лютага 2014 г. Паводле Пантыфіка, гэты сакрамэнт спрыяе больш шырокаму погляду на хваробы і пакуты, у перспектыве Божай міласэрнасці. Францішак звярнуў увагу на тое, што намашчэнне хворых мае біблійную аснову, а яго таямніцу ўпоўні выражае прыпавесць пра “добрага самараніна”, пераказаная евангелістам Лукой. “Кожны раз, калі цэлебруем гэты сакрамэнт, Пан Езус, у асобе святара, набліжаецца да пакутуючага, цяжка хворага ці пажылога”, - сказаў Папа. Ён нагадаў, што добры самаранін клапаціўся пра церпячага чалавека, выліваючы на яго раны алей і віно. Першы, заўважыў Францішак, сімвалізуе алей хрызма, які біскуп благаслаўляе кожны год у Вялікі Чацвер, а віно – “гэта знак любові і ласкі Хрыста”.

“Пакутуючы чалавек быў давераны гаспадару заезда, каб працягваў клапаціцца пра яго, не думаючы пра выдаткі. А сёння, хто з’яўляецца гэтым гаспадаром? Гэта Касцёл, хрысціянская супольнасць, гэта мы, якім Пан Езус штодзённа давярае параненых целам і душой, каб маглі працягваць бязмерна выліваць на іх усю Яго міласэрнасць і збаўленне”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што гэта заданне ясна і дакладна акрэслена ў Пасланні святога апостала Якуба: “Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем ў імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму” (5,14-15). Так, паводле Францішка, паступалі ўжо ў часы апосталаў.

“Езус на самой справе вучыў сваіх вучняў, мець такі ж к лопат аб хворых і пакутуючых, і перадаў ім здольнасць і заданне працягваць шчодра дарыць, у Яго імя і паводле Яго сэрца, аблягчэнне і спакой, праз асаблівую ласку гэтага сакрамэнту. Гэта, аднак, не павінна пераўтварацца ў настойлівы пошук цуду ці прэтэнзію на магчымасць атрымання аздараўлення заўсёды і паўсюль”, - сказаў Папа.

Многія баяцца клікаць святара ў момант цяжкай хваробы, бо памылкова думаюць, што гэта кепскі знак, які азначае набліжэнне смерці. Гэта не так, адзначыў Папа, і дадаў, што святар прыходзіць як Езус – каб дапамагчы хвораму ці пажылому чалавеку, даць яму сілы, надзею, удзяліць прабачэнне грахоў.

“Не думайце, што гэта табу; заўсёды цудоўна ведаць, што ў момант болю і хваробы мы не адны: святар і тыя, хто прысутнічае падчас памашчэння хворых, прадстаўляюць усю хрысціянскую супольнасць, якая, як адзінае цела, з Езусам, збіраецца вакол пакутуючага і яго сваякоў, умацоўваючы ў іх веру і надзею, і падтрымліваючы малітвай і братэрскай цеплынёй. Але самае вялікае суцяшэнне паходзіць з факту, што ў сакрамэнце прысутнічае сам Пан Езус, які бярэ за руку, дае сваю пяшчоту, як рабіў у адносінах да хворых, і нагадвае, што мы прыналежым да Яго і нічога – нават зло і смерць – ніколі не зможа аддзяліць нас ад Яго”, - сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Папа заклікаў моладзь быць радаснымі вучнямі Хрыста, хворых – перажываць свае пакуты ў еднасці з Езусам, а маладых сужонкаў – зрабіць Евангелле фундаментальным правілам свайго сямейнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.