2014-02-27 13:44:48

Пантыфік нагадаў, якімі павінны быць біскупы


RealAudioMP3 Божаму народу патрэбныя біскупы, якія б глядзелі на яго “з шырынёй Божага сэрца”, а не асобы накшталт упраўленцаў, або дырэктараў кампаній. Патрэбны хтосьці, хто ведае як глядзець на рэчаіснасць Божым позіркам. Такое меркаванне выказаў папа Францішак 27 лютага 2014 г., сустракаючыся з удзельнікамі асамблеі Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Каталіцкі іерарх, падкрэсліў Пантыфік, гэта “мучанік Уваскрослага Хрыста”. Яго жыццё і яго служэнне павінны ўзбуджаць у іншых веру ва Уваскрасенне. Ён павінен мець мужнасць аддаць сваё жыццё за паству. “Адмова ад сябе і самаахвяраванне”, на думку Папы, павінны быць прапісаны ў “ДНК” біскупа.

Пантыфік нагадаў пра якасці, якімі павінен адзначацца кандыдат да біскупскага служэння. Чалавечая цэласнасць асобы біскупа, звярнуў увагу ён, забяспечвае здольнасць здаровых і збалансаваных адносін, дазваляе не праецыраваць на іншых сваіх недахопаў і не станавіцца фактарам нестабільнасці. Хрысціянская трываласць біскупа садзейнічае братэрству і добрым адносінам. Яго культурны ўзровень дазваляе яму мець зносіны з людзьмі і іх культурай, яго вернасць праўдзе мацуе Касцёл, а яго кіраўнічыя здольнасці, адзначаныя бацькоўскай цвёрдасцю, забяспечваюць аўтарытэт.

Касцёл не мае патрэбы ў апалагетах уласных інтарэсаў і барацьбітоў у прыватных бітвах, але ў сціплых сейбітах і абаронцах праўды, адзначыў Папа. Біскуп, дадаў ён, павінен быць чалавекам малітвы і сапраўдным пастырам.

У заканчэнні сваіх разважанняў Пантыфік шчыра спытаўся: “Дзе мы можам знайсці такіх людзей? (...) Як выбраць такіх?”. “Упэўнены, што яны ёсць, таму што Пан не пакідае свой ​​Касцёл”, - сказаў Францішак і дадаў, што, магчыма, дагэтуль не дастаткова патэнцыялу было ўкладзена ў пошук такіх асоб.







All the contents on this site are copyrighted ©.