2014-03-19 11:44:28

Бярыце прыклад са св. Юзафа і будзьце побач са сваімі дзецьмі


RealAudioMP3 19 сакавіка 2014 г. ва ўрачыстасць св. Юзафа, папа Францішак заклікаў удзельнікаў агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра паглядзець на абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, як на прыклад выхавацеля, які абараняў і суправаджаў Езуса на шляху ўзрастання ў трох галоўных вымярэннях: мудрасці, гадах і ласцы. Папа нагадаў, што Юзаф дапамагаў Езусу ў фізічным і псіхалагічным росце, калі разам з Марыяй імкнуўся забяспечыць Яго ўсім неабходным для здаровага развіцця. Ён бараніў жыццё Езуса, уцякаючы ў Егіпет ад пагрозы, што зыходзіла ад Ірада. “Юзаф навучыў Езуса таксама і сваёй працы; таму, калі Ён стаў дарослым, Яго называлі “сынам цесляра”, - нагадаў Пантыфік. Францішак падкрэсліў, што св. Юзаф таксама вычыў Хрыста мудрасці. “Юзаф стаў для Езуса прыкладам і настаўнікам такой мудрасці, якая насычаецца Божым словам. Можам падумаць, як св. Юзаф вучыў маленькага Езуса слухаць Божае слова, перш за ўсё, ідучы разам з Ім у суботу ў назарэцскую сінагогу”, - сказаў Папа.

Яшчэ адным важным вымярэннем выхаваўчай дзейнасці св. Юзафа, на думку Пантыфіка, было навучанне Езуса прабыванню ў ласцы. “Было б цяжкай памылкай думаць, што бацька і маці не могуць зрабіць нічога, каб навучыць сваіх дзяцей узрастаць у Божай ласцы”, - сказаў Папа. Такім чынам, падкрэсліў ён, выхаванне Езуса ў гадах, мудрасці і ласцы было галоўнай выхаваўчай дзейнасцю абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Місія св. Юзафа, канешне, унікальная і непаўторная, таму што абсалютна унікальным з’яўляецца Езус. Але сваім клопатам пра Езуса, выхоўваючы яго ў гадах, мудрасці і ласцы, ён з’яўляецца прыкладам для кожнага выхавацеля, асабліва кожнага бацькі (...). Таму давяраю яго абароне ўсіх бацькаў, святароў, які з’яўлюцца айцамі, і тых, хто мае выхаваўчую ролю ў Касцёле і грамадстве”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуўся да прысутных на плошчы св. Пятра бацькоў, у першую чаргу айцоў, з заклікам заўсёды быць блізкімі да сваіх дзяцей, бо яны маюць у гэтым патрэбу. На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак заклікаў моладзь глядзець на св. Юзафа, як на прыклад сціплага і пакорнага жыцця, хворых – несці крыж у цішыні і малітве, а маладых сужонкаў – будаваць свае сем’і на любові, якая злучала Марыю з яе абраннікам.








All the contents on this site are copyrighted ©.