2014-03-26 11:29:05

Святары і біскупы павінны пасвіць свой статак з любоўю


RealAudioMP3 Сакрамэнты пасвячэння і сужэнства – гэта два вялікія шляхі, праз якія хрысціянін можа ўчыніць з уласнага жыцця “дар любові”, па прыкладзе і ў імя Хрыста, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 26 сакавіка 2014 г. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў першаму з гэтых сакрамэнтаў. Ён дазваляе выконваць служэнне, якое Пан Езус даверыў апосталам – пасвіць статак, у моцы Яго Духа і паводле Яго сэрца. “Святар, біскуп, дыякан павінны пасвіць статак Пана з любоўю. Калі робяць інакш, гэта не патрэбна. У такім сэнсе слугі, якія выбіраюцца і прысвячаюцца гэтаму служэнню працягваюць у часе прысутнасць Езуса. Чыняць гэта моцай Святога Духа, у Божае імя і з любоўю”, - сказаў Папа. Францішак адзначыў, што атрымаўшыя сакрамэнт пасвячэння ставяцца ў галаве супольнасці, што для Езуса азначала падпарадкаванне сваёй ўлады служэнню. Пан сведчыў аб гэтым сваім жыццём і вучыў сваіх вучняў кажучы: “Хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугой; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам”. Такім чынам, паводле Святога Айца, біскупы і святары, якія не служаць сваім супольнасцям паступаюць памылкова.

Іншая рыса пастыраў Касцёла, якая заўсёды паходзіць з сакраментальнага адзінства з Хрыстом – гэта “гарачая любоў да Касцёла”, адзначыў Папа і нагадаў словы святога апостала Паўла пра тое, што Хрыстус “палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго”. “У сілу сакрамэнту пасвячэння слуга прысвячае ўсяго сябе ўласнай супольнасці і любіць яе ўсім сэрцам – гэта яго сям’я”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў таксама пра тое, што сакрамэнт пасвячэння патрабуе пастаяннага падтрымання таго дару, які перадаецца слузе Касцёла праз слова і накладанне рук.

“Калі служэнне біскупа ці святара не падтрымліваецца малітвай, слуханнем Божага Слова, штодзённай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, прыступаннем да сакрамэнту споведзі, гэта непазбежна прыводзіць да страты сапраўднага сэнсу ўласнага паклікання і радасці, што паходзіць ад глыбокага адзінства з Панам Езусам”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што пакліканне да святарства з’яўляецца Божым дарам і асаблівым чынам звярнуўся да тых, хто адчувае яго ў сваім сэрцы. “Гэта Пан кліча, кліча кожнага, хто хоча стаць святаром, і магчыма тут ёсць маладыя людзі, якія адчулі ў сэрцы гэта пакліканне, жаданне стаць святарамі, служыць іншым у справах Божых, жаданне ўсё сваё жыццё служыць праз катэхізацыю, удзяленне хросту, прабачэння, цэлебрацыю Эўхарыстыі, клопату пра хворых. Усё жыццё! Калі хтосьці з вас адчуваў гэта ў сэрцы – гэта дзякуючы Езусу! Клапаціцеся пра гэты заклік і маліцеся, каб ён узрастаў і прынёс плён для ўсяго Касцёла”, - заклікаў Папа.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец нагадаў, што 25 сакавіка 2014 г. у Каталіцкім Касцёле адзначалася ўрачыстасць Звеснавання Пана. У сувязі з гэтым ён заклікаў моладзь ўглядацца ў прыклад Маці Божай і як яна быць уважлівымі да Божага слова. Звяртаючыся да хворых, Пантыфік пажадаў не апускаць рукі перад абліччам цяжкасцяў, памятаючы, што Пан не дае крыжа большага за нашы сілы. Маладыя сужэнскія пары Францішак заклікаў будаваць сваё сямейнае жыцця на скале Божага слова.








All the contents on this site are copyrighted ©.