2014-03-27 13:01:39

“Легіён Марыі” атрымаў прызнанне Апостальскай Сталіцы


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца афіцыйна прызнала супольнасць “Легіён Марыі” у якасці міжнароднай асацыяцыі вернікаў з юрыдычным статусам, прадугледжаным кананічным правам. Адначасова быў пацверджаны статут гэтага рэлігійнага аб’яднання. Адпаведны дэкрэт перадаў прадстаўнікам асацыяцыі сакратар Папскай рады па справах свецкіх біскуп Ёзэф Клеменс. Цырымонія адбылася 27 сакавіка 2014 г. у Ватыкане. “Легіён Марыі” узнік у 1921 г. у ірландскім Дубліне па ініцыятыве невялікай групы вернікаў пад кіраўніцтвам Фрэнка Дафа, супрацоўніка Міністэрства фінансаў, а затым асабістага сакратара міністра абароны Ірланцыі. На працягу 93 гадоў свайго існавання гэта асацыяцыя распаўсюдзілася ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. “Легіён Марыі”, ідэнтычнасць якога грунтуецца на глыбокай марыйнай духоўнасці і адданасці Святому Духу, прапануе вернікаў паўстаць на шлях святасці і ўдзельнічаць у евангелізацыйнай місіі Касцёла праз служэнне самым патрабуючым і далёкім ад веры.

Біскуп Клеменс, звяртаючыся да прысутных на цырымоніі ўручэння дэкрэту членаў “Легіёна Марыі”, адзначыў, што Касцёл праз прызнанне асацыяцыі зноў указвае на каштоўны прыклад святасці яе заснавальнікаў. “Няхай яны будуць крыніцай натхнення на будучыню”, адзначыў ён і заклікаў “легіянераў” уважліва сузіраць мінулае, каб убачыць Божыя справы. “Так, сапраўды, Бог учыніў вялікія справы! Тым не менш, сёння Касцёл чакае ад “Легіёна Марыі” яшчэ большага, таму што патрэбы свету вялікія і шмат людзей яшчэ не ведаюць імя Хрыста, ці забыліся яго”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

У Беларусі гэта асацыяцыя пачала дзейнічаць з 1994 г. і зараз яе супольнасці ёсць у Баранавічах, Маладзечне, Віцебску, Гродне, Брэсце, Магілёве, Мазыры, Лельчыцах, Барысаве, Лідзе, Глыбокім, Вілейцы, Стаўбцах, Жодзіне, Хойніках, Пінску, Смаргоні і іншых гарадах. Легіянеры Марыі праводзяць штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы, наведваюць шпіталі, дамы састарэлых і турмы.








All the contents on this site are copyrighted ©.