2014-03-30 13:40:18

Папа перад “Анёл Панскі”: памоліся, каб не быць сляпымі на Бога і Яго ласку (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Сённяшняе Евангелле заклікае нас да пастаяннага адкрыцця на святло і ласку Хрыста, каб мы затым прыносілі плён гэтага ў сваім жыцці. Гаварыў пра гэта папа Францішак у сваім разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 30 сакавіка 2014 г на плошчы св. Пятра. Сваю прамову Пантыфік прысвяціў урыўку з 9-га раздзелу Святога Евангелля паводле Яна, якое расказвае аб аздараўленні Езусам сляпога ад нараджэння. “Сённяшняе Евангедлле, -звярнуўся Папа да прысутных вернікаў, прадстаўляе нам гісторыю чалавека, сляпога ад нараджэння, якому Езус прывяртае зрок. Доўгі расказ пачынаецца ад сляпога, які пачынае бачыць і заканчываецца , і гэта вельмі цікава, відушчымі, якія застаюцца сляпымі ў душы. Гэтаму цуду апостал Ян прысвяціў толькі два вершы, таму што евангеліст хоча звярнуць увагу не на цуд як такі, але на тое, што адбываецца пазней -- на дыскусіі, якія гэты цуд выклікаў. Таксама і на пляткарства. Шмат разоў добрыя ўчынкі, учынкі міласэрнасці спрычыняюць пляткарства, дыскусіі, таму што некаторыя людзі не хочуць бачыць праўды. І таму евангеліст Ян жадае звярнуць увагу на тое, што таксама здараецца і ў нашыя дні, калі робяцца добрыя справы. Спачатку аздароўленага сляпога ўзяў на допыты здзіўлены народ, які бачыў цуд, а затым таксама фарысеі. Яны таксама ўзялі на допыты нават яго бацькоў. У канцы аздароўлены сляпы пачынае верыць, і гэта найбольшая ласка, якую ўчыніў Езус: не толькі бачыць, але і пазнаць Яго, бачыць Яго як “святло свету” (Ян 9,5).

У той час, калі сляпы паступова набліжаецца да святла, фарысеі,наадварот, усё глыбей ўпадаюць у сваю ўнутраную слепату. Закрытыя ў сваёй прэзумпцыі, лічаць, што ўжо атрымалі святло: таму не адкрываюцца на праўду Езуса. Яны робяць усё, каб адмовіцца ад даказанага. Яны сумняваюцца ў ідэтычнасці аздароўленага чалавека. Затым не прызнаюць дзеяння Бога ў аздараўленні, прымаючы ў якасці апраўдання тое, што Бог не дзейнічае па суботах. Яны нават пачалі сумнявацца, ці гэты чалавек сапраўды нарадзіўся сляпым. Іх закрыццё на святло становіцца агрэсіўным і спрычыняе тое, што аздароўленага чалавека яны выганяюць з храма.

За тое шлях сляпога праходзіць у некалькі этапы, якія пачынаюцца ад пазнання імя Езуса. Ён не ведае нічога пра Хрыста, таму кажа: “Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў гразь, памазаў мне вочы” ( Ян 9,11). Пасля настойлівых пытанняў фарысеяў ён прызнае Езуса за прарока (17) і затым за чалавека, блізкага да Бога (Ян 9,31). Пазней, калі яго выгналі з храма і ён быў выкінуты з грамадства, Езус знаходзіць яго і адкрывае яму “зноў вочы”, калі паказаў яму сваё сапраўднае аблічча: “Я Месія” сказаў яму Езус. У той момант, чалавек, які быў сляпым, усклікнуў: “Веру, Пане” ( Ян 9,38) і аддаў Яму пашану. Але гэты ўрывак з Евангелля расказвае пра драму ўнутранай слепаты шматлікіх людзей. Таксама і пра нашу драму, таму што мы часам маем моманты ўнутранай слепаты.

Наша жыццё часам падобнае да сляпога, які адкрыўся на святло, адкрыўся на Бога, адкрыўся на Яго ласку. Часам, на жаль, трохі падобнае да фарысеяў: з вышыні нашай пыхі мы асуджаем іншых, нават Пана! Сёння мы пакліканы адкрыцца на святло Хрыста, каб прыносіць плён у нашым жыцці, каб ліквідаваць паводзіны, якія не з'яўляюцца хрысціянскімі: мы ўсе хрысціяне, але усе маем часам нехрысціянскія паводзіны; паводзіны, якія з'яўляюцца грэшнымі. Таму мы павінны пакаяцца з гэтага і адкінуць такія паводзіны, каб рашуча крочыць па шляху святасці, якой пачатак ў сакрамэнце Хросту і ў хросце мы ўсе асветлены, каб, як нагадвае нам святы Павел, змаглі паводзіць сябе як “сыны святла” (Эф 5,8), з пакорай, цярплівасцю і міласэрнасцю. Гэтыя настаўнікі закона не мелі ні пакоры, ні цярплівасці, ні міласэрнасці. Я хацеў бы вам прапанаваць сёння, калі вернецеся дадому, узяць Евангелле паводле Яна і прачытаць гэты ўрывак з 9 раздзела. Гэта зробіць вам добра, так што вы зможаце ўбачыць гэты шлях ад слепаты да святла і гэты другі дрэнны шлях, які вядзе да больш глыбокай слепаты. І спытаем сябе: якім з'яўляецца наша сэрца? Якім з'яўляецца маё сэрца, якім тваё, якімі з'яўляюцца нашы сэрцы? Ці я маю адкрытае сэрца ці закрытае? Адкрытае ці закрытае перад Богам? Адкрытае ці закрытае адносна бліжняга? Мы заўсёды маем ў сабе нейкае закрыццё, якое нарадзілася з граху і памылак: але мы не павінны баяцца! Адкрыем сябе на святло Пана: Ён заўсёды чакае на нас, каб мы сталі лепш бачыць, каб даць нам святло, каб прабачыць нам. Не забывайма пра гэта: Ён заўсёды чакае нас.

Даручым Панне Марыі постны шлях, каб таксама і мы, як аздароўлены сляпы, з ласкай Хрыста змаглі “прыбыць да святла”, крочыць наперад у святле і адрадзіцца да новага жыцця.

Пасля марыйнай малітвы Папа традыцыйна прывітаў шматлікіх пілігрымаў, сабраных на плошчы св. Пятра, асаблівую ўвагу звярнуўшы на групы вернікаў з розных гарадоў Італіі.

Я.Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.