2014-03-31 14:08:43

Папа да салезіянаў: на працу з моладзю павінны адпраўляцца лепшыя!


RealAudioMP3 31 сакавіка 2014 г. Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі 27-га Генеральнага капітула Салезіянскага Таварыства св. Яна Боска, які праходзіў у Рыме 22-24 сакавіка 2014 г. і кульмінацыяй якога стала абранне новага Генеральнага настаяцеля салезіянаў кс. Анхэля Фэрнандэса Арцімэ. Пантыфік пажадаў, каб Святых Дух дапамог законнікам прыняць чаканні і выклікі часу, асабліва, якія тычацца моладзі, і адказаць на іх у святле Евангелля і ўласнага харызмату. Паводле Святога Айца, неабходна падрыхтаваць моладзь да працы ў грамадстве паводле евангельскага духа, каб яна спрыяла справядлівасці і міру і выконвала галоўную ролю ў жыцці Касцёла. Для гэтага трэба задзейнічаць усё педагагічнай і культурнае багацце супольнасці, лічыць Папа. Ён параіў карыстацца досведам св. Яна Боска і яго “прэвентыўнай сістэмай”, а таксама памятаць, што пяшчота і мова сэрца, з’яўляюцца фундаментальнымі, каб наблізіцца да моладзі і стаць яе сябрам.

Святы Айцец адзначыў важнасць спрыяння пакліканням сярод моладзі, а каб яны не былі павярхоўнымі і слабымі, каб кансэкраванае жыццё не разумелася ў якасці адной з формаў валантарыяту, павінна ажыцяўляцца добрае душпастырства ў гэтай сферы, якое ўключае ў сябе малітву, персаналізаваную падрыхтоўку, суправаджэнне, супрацоўніцтва з сем’ямі і іншыя элементы.

“Працуючы з моладзю, вы сустракаеце свет моладзевай маргіналізацыі... Страшна падумаць, што сёння на Захадзе каля 75 млн. моладзі не мае працы. Падумаем аб распаўсюджанай рэчаіснасці беспрацоўя са шматлікімі негатыўнымі наступствамі. Падумаем аб залежнасцях, якіх нажаль шмат, але якія маюць супольныя карані ў недахопе сапраўднай любові. Каб выйсці насустрач маргіналізаванай моладзі трэба адвага, чалавечая сталасць і шмат малітвы. І на гэту працу павінны адпраўляцца лепшыя!”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў каштоўнасць жыцця і працы салезіянаў у супольнасці, якая дапамагае “ўсяму апостальству”. Перад абліччам рызыкі канфліктаў, індывідуалізма і разгубленасці, ён заклікаў захоўваць глыбокую камунікацыю і сапраўдныя адносіны паміж сабой, а таксама сведчыць аб адкрытасці, павазе, узаемнай дапамозе, разуменні, прабачэнні і радасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.