2014-04-09 14:22:43

Пантыфік выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю іракскага кардынала


RealAudioMP3 9 красавіка 2014 г. у ЗША памёр былы Патрыярх Халдэйскай Каталіцкай Царквы, кардынал Эмануэль ІІІ Дэлі. Ён праходзіў лячэнне ў адным са шпіталёў Сан-Дыега ў Каліфорніі. Папа Францішак выказаў спачуванне ў сувязі са смерцю іерарха. Пантыфік прызнаўся, што “быў глыбока засмучаны” весткай пра смерць кардынала, якога “успамінае з глыбокай удзячнасцю”. Святы Айцец адзначыў “адданасць памерлага Патрыярха свайму народу і яго імкненне да паважлівых, справядлівых і мірных адносін з паслядоўнікамі іншых рэлігійных традыцый”. Папа даверыў яго “высакародную душу” бясконцай Божай міласэрнасці.

Эмануэль III Дэлі нарадзіўся 6 кастрычнік 1927 г. на тэрыторыі архіепархіі Масул. Стаў святаром у 1952 г. Праз 10 гадоў Святы Сінод Халдзейскай Каталіцкай Царквы прызначыў яго дапаможным епіскапам Вавілонскага Патрыярхату, што у адпаведнасці са звычаямі і правіламі, прынятымі ва Усходніх Цэрквах, пацвердзіў праз некалькі тыдняў папа Павел VI. 3 снежня 2003 г. ён быў абраны Патрыярхам Вавілоніі.

Яшчэ да гэтага выбару, і неўзабаве пасля пачатку вайны ў Іраку, 22 сакавіка 2003 г. іерарх быў лёгка паранены асколкам падчас бамбёжкі Патрыярхату, але не пакінуў сталіцы. Ён стараніўся палітыкі. І толькі ў маі 2007 г. упершыню з пачатку вайны пракаментаваў сітуацыю ў Іраку. Ён абвінаваціў улады гэтай краіны і замежныя ўзброеныя сілы ў пасіўнасці адносна насілля. Ён казаў пра цяжкія ўмовы, у якіх апынуліся хрысціяне, стаўшы перад абліччам знікнення з іракскай зямлі. У калегію кардыналаў яго ўключыў Бэнэдыкт XVI 24 лістапада 2007 г. У 2012 г. ён пакінуў пасаду з-за ўзросту і па стане здароўя. Пахаванне памерлага іерарха адбудзецца 12 красавіка ў Дэтроіце, дзе жыве вялікая супольнасць католікаў халдэйскага абраду.

Са смерцю кардынала Эмануэля III Дэлі, Калегія кардыналаў налічвае 216 членаў з 67 краін, з якіх 120 з’яўляюцца выбаршчыкамі. З гэтага часу ў ёй не засталося ніводнага кардынала іракскага паходжання.







All the contents on this site are copyrighted ©.