На заканчэнне агульнай
аўдыенцыі папа Францішак нагадаў, што 7 красавіка 2014 г. у сірыйскім Хомсе быў забіты
айцец Франс ван дэр Люгт – 75-гадовы езуіт з Галандыі. Святы Айцец нагадаў, што яго
сабрат прыбыў у Сірыю яшчэ 50 гадоў таму, і там ён “з бескарыслівасцю і любоўю прыносіў
шмат дабра ўсім і за гэта быў любімы і паважаны як хрысціянамі, так і мусульманамі”.
“Яго брутальнае забойства напоўніла мяне глыбокім болем і яшчэ раз прымусіла падумаць
пра многіх людзей, якія пакутуюць і гінуць у гэтай змучанай краіне, якая ўжо на працягу
доўгага часу з’яўляецца ахвярай крывавага канфлікту, што працягвае прыносіць смерць
і нішчыць”, - сказаў Папа. Ён адзначыў, што думае таксама пра шматлікіх выкрадзеных
людзей, хрысціян і мусульман, сірыйцаў і замежнікаў, сярод якіх ёсць біскупы і святары.
“Папросім Пана, каб яны як хутчэй маглі вярнуцца да сваіх блізкіх, сем’яў і супольнасцяў”,
- звярнуўся Пантыфік.
“Ад усяго сэрца запрашаю вас далучыцца да маёй малітвы
за мір у Сірыі і рэгіёне, і заклікаю сірыйскіх палітыкаў і міжнародную супольнасць
– няхай змоўкне зброя і прыйдзе канец насіллю! Няхай больш не будзе вайны! Няхай больш
не будзе знішчэння! Няхай паважаецца гуманітарнае права, здзяйсняецца клопат аб насельніцтве,
патрабуючым гуманітарнай дапамогі, і няхай пажаданы спакой наступіць праз дыялог і
прымірэнне”, - заклікаў папа Францішак.