2014-04-09 11:42:54

Мудрасць – гэта здольнасць бачыць Божымі вачыма


RealAudioMP3 Падчас агульнай аўдыенцыі 9 красавіка 2014 г. папа Францішак пачаў новы цыкл катэхез, прысвечаны дарам Святога Духа, Які з’яўляецца душой, жыццятворнай лімфай Касцёла і кожнага хрысціяніна. Святы Дух – гэта любоў Бога, які робіць з нашага сэрца свой дом і ўваходзіць у адзінства з намі, лічыць Пантыфік, Ён заўсёды з нам, заўсёды ў нас. Ён ў нашым сэрцы. Паводле Францішка, Святы Дух сам па сабе з’яўляецца найвышэшым Божым дарам, “падарункам Бога”, які перадаецца тым, хто прымае розныя духоўныя дары. Касцёл вылучае сем дароў Святога Духа, паводле лічбы, якая сімвалізуе поўню і закончанасць, адзначыў Папа і нагадаў, што да іх адносяцца мудрасць, розум, рада, мужнасць, умеласць, пабожнасць і боязь Божая. Францішак засяродзіў сваю ўвагу на першым дары Святога Духа – мудрасці. “Гаворка не ідзе пра простую чалавечую мудрасць. Не! Чалавечая мудрасць – гэта плён пазнання і досведу. У Бібліі апавядаецца, што Саламон у момант сваёй каранацыі на караля Ізраіля папрасіў аб дары мудрасці. Мудрасць з’яўляецца ласкай здольнасці бачыць усё Божымі вачыма. Менавіта так – бачыць свет, бачыць сітуацыі, здарэнні, праблемы, усё, вачыма Бога. Гэта мудрасць. Часам мы глядзім на рэчы як нам падабаецца або ў залежнасці ад стану нашага сэрца – з любоўю ці гневам, з нянавісцю. Не! Гэта не Божы погляд. Мудрасць, гэта тое, што Святы Дух чыніць у нас, каб мы бачылі ўсё вачыма Бога. Гэта дар мудрасці”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, дар мудрасці з’яўляецца плёнам блізкасці з Богам. “Калі прабываем у адзінстве з Панам, Святы Дух нібыта перамяняе наша сэрца і дазваляе прыняць усю Яго цеплыню і прыхільнасць”, - падкрэсліў Папа.

На думку Пантыфіка, менавіта Святы Дух робіць хрысціян “мудрымі”. Гэта не азначае, што Ён робіць чалавека ведаючым адказы на ўсе пытанні. Тут маецца на ўвазе іншая мудрасць. Дух мудрасці робіць чалавека тым, хто “ведае” Бога, ведае, як дзейнічае Бог, ведае, калі рэчы паходзяць ад Бога, а калі не.

“Сэрца мудрага чалавека ў гэтым сэнсе мае смак і водар Бога. І як жа важна, каб у нашых супольнасцях былі такія хрысціяне. Усё ў іх кажа аб Богу і становіцца цудоўным і жывым знакам Яго прысутнасці і любові. Гэта тое, чаго мы не можам дасягнуць імправізавана, не можам набыць самі з сябе: гэта дар, які Бог дае паслухмяным Яго Духу. Мы маем Святога Духа ўнутры нас, у нашым сэрцы, можам слухаць Яго, а можам і не слухаць. Але калі слухаем Святога Духа, Ён навучае нас шляхам мудрасці, дорыць мудрасць, якая заключаецца ў тым, каб бачыць вачыма Бога, чуць Яго вушамі, любіць сэрцам Бога, судзіць аб усім паводле Бога”, - сказаў Папа.

Францішак прывёў некалькі паўсядзённых прыкладаў дзейнасці дару мудрасці. Паводле Папы, мудра паступае маці, якая спакойна тлумачыць дзіцяці, як трэба сябе паводзіць, замест таго каб абурацца на яго; мудра паступаюць сужонкі, якія пасля сваркі ідуць адзін аднаму насустрач і аднаўляюць спакой паміж сабой. Такая мудрасць з’яўляецца дарам Святога Духа і аб ёй трэба прасіць у Бога, каб будаваць сем’і і Касцёл, лічыць Францішак.

Напрыканцы аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што працягваецца час Вялікага Посту. У сувязі з гэтым ён заклікаў не стамляцца прасіць прабачэння ў Бога праз сакрамэнт споведзі, злучаць свае пакуты з пакутамі укрыжаванага Хрыста, прабачаць адно аднаго і аказваць узаемную дапамогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.