У Беларусі прызначаны Біскупскі вікарый для Магілёўскай вобласці
Гістарычная падзея
– у Беларусі прызначаны Біскупскі вікарый для Магілёўскай вобласці. Ім стаў біскуп
Юрый Касабуцкі, які толькі восенню атрымаў біскупскае прызначэнне ад папы Францішка.
Гэта абумоўлена ў тым ліку і тэрытарыяльнымі прычынамі – Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
мае вялікія памеры, аб’ядноўвае дзве вобласці. Калі гістарычна, то Магілёўская архідыяцэзія
з XVIII ст. і да Кастрычніцкай рэвалюцыі была ўвогуле самай вялікай сярод каталіцкіх
у свеце. Менавіта гістарычныя ўмовы таксама паўплываюць на тое, якое заданне бачыць
сёння біскуп Юрый Касабуцкі ў сваёй пастырскай працы ў якасці Біскупскага вікарыя
Магілёўскай вобласці.
“Ужо ў 1919 г. тэрыторыя Магілёўскай вобласці ўвайшла
ў склад Расіі, дзе пачаліся ганенні на рэлігію і касцёлы пачалі разбурацца на 20 гадоў
раней, чым на заходняй тэрыторыі Беларусі. Таму сёння там яшчэ, можна сказаць, Каталіцкі
Касцёл адраджаецца. Не так шмат святароў і храмаў, не так многа законніц на гэтай
тэрыторіі. Але мы спадзяемся, што дзякуючы намаганням і душпастырскай працы мы адчуем
сябе адным цэлым, каб несці Хрыста людзям”, - адзначыў біскуп Юрый Касабуцкі.
Гэту
навіну агучыў 15 красавіка 2014 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
падчас традыцыйнай перадпасхальнай прэс-канферэнцыі. Іерарх пачаў размову з журналістамі
са спраў мінулых: нагадаў пра гістарычную падзею Касцёла ў Беларусі – прызначэнне
трох новых біскупаў, плёны якой бачны ўжо сёння. А працягнуў будучымі падзеямі, якіх
на гэта год запланавана шмат. Бліжэйшая – кананізацыя двух Пантыфікаў – Яна Паўла
ІІ і Яна XXIII, якая адбудзецца ў Ватыкане 27 красавіка і куды адправіцца вялікая
дэлегацыя з Беларусі. Кожная дыяцэзія арганізуе сваю пілігрымку на гэтую падзею.
Ужо
летам адбудзецца другая, ужо Агульнацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю, для ўдзелу
ў асвячэнні табліцы ў Назарэце з мазаічнай выявай абраза Маці Божай Будслаўскай. Таксама
зараз актыўна ідзе падрыхтоўка да IV Праваслаўна-каталіцкага форума, сталіцай якога
стане Мінск у пачатку чэрвеня. Прадстаўнічая канферэнцыя збярэ высокіх іерархаў з
усёй Еўропы, каб вызначыць выклікі часу і знайсці інструменты для адказу на іх, адзначыў
арцыбіскуп Кандрусевіч. “Мы спадзяемся, што разам будзе ад 25 да 30 праваслаўных і
каталіцкіх біскупаў. Ян Павел ІІ казаў, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі –
заходнім і усходнім. Гэты форум будзе пацвярджэннем гэтага запавету. Калі вырашалася
месца і час правядзення, я прадстаўляў Беларусь і паведаміў пра міжканфесійную сітуацыю
ў краіне, і ўсе прагаласавалі за Мінск. Таму гэта вялікі гонар для нас і прызнанне,
што экуменічная сітуацыя ў Беларусі вельмі пазітыўная. Хтосьці назваў будучы форум
малым экуменічным саборам. Няхай будзе так”, - дадаў арцыбіскуп.
Моладзевая
сустрэча ў Івянцы, Будслаўскія ўрачыстасці – гэтыя ўжо традыцыйня падзеі адбудуцца
і ў 2014 г. Спыталіся журналісты і аб кс. Уладзіславе Лазару. Арцыбіскуп паведаміў,
што справа не закрыта, але ён на свабодзе і мае магчымасць выконваць свае непасрэдныя
святарскія абавязкі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў годна падрыхтавацца
да Пасхі. Прамая трансляцыя Пасхальнай Вігіліі на “Першым канале” 19 красавіка будзе
праходзіць з віцебскай катэдры і ўзначаліць яе біскуп Алег Буткевіч. Радасці дадае
таксама і тое, нагадаў іерарх, што ў гэтым годзе галоўную хрысціянскую ўрачыстасць
і католікі, і праваслаўныя адзначаць адначасова.