16 красавіка 2014
г. Святы Айцец Бэнэдыкт ХVI адзначае 87-мы дзень нараджэння. Кардынал Ёзаф Ратцынгер,
які быў абраны на Святы Пасад 19 красавіка 2005 г. і ўзяў імя Бэнэдыкта ХVI, быў 265-м
намеснікам Пятра. 28 лютага 2013 г. ён сышоў у адстаўку і зараз пражывае на тэрыторыі
Ватыкану. “Каб кіраваць лодкай святога Пятра і абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце,
падлеглым хуткім пераменам, і ўзрушаным пытаннямі, якія маюць вялікае значэнне для
жыцця веры, неабходная сіла і цела, і духа, якая ў апошнія месяцы аслабла ўва мне
настолькі, што павінен прызнаць сваю няздольнасць да добрага выканання даверанай мне
паслугі”, - напісаў Папа ў 2013 г. у сваім звароце, звязаным з адстаўкай.
Гады
знаходжання Бэнэдыкта XVI на Пасадзе св. Пятра былі нялёгкімі для Касцёла і адзначыліся
адыходам “заходняга свету” ад хрысціянскай веры і часта варожым стаўленнем да Бога.
Сродкі масавай інфармацыі неаднаразова некарэктна інтэпрэтавалі выказванні Папы і
дзейнасць Касцёла. У многіх краінах Азіі і Афрыкі трываў пераслед хрысціян. Перад
абліччам усіх гэтых праблем Бэнэдыкт XVI абвяшчаў Евангелле і выступаў у абарону хрысціянскіх
каштоўнасцяў. Высокі інтэлектуальны і духоўны ўзровень дазвалялі Папу звяртацца да
вернікаў з вельмі трапнымі і мудрымі словамі. Пры гэтым ён выкарыстоўваў самыя сучасныя
тэхналогіі – адкрыў акаунт у “Твітэры”.
Складаючы з сябе абавязкі Наступніка
св. Пятра ў 2013 г., Пантыфік выказаў жаданне далей служыць Касцёлу “адданым малітве
жыццём”. Трэба адзначыць, што Бэнэдыкт XVI стаў першым нямецкім Папам за апошнюю тысячу
гадоў.