Святы Айцец: ноч становіцца цямнейшай перад самым світанкам
Падчас Вялікага Тыдня
кожнаму з нас было б добра ўзяць у рукі распяцце і цалаваць яго кажучы: “дзякуй, Езу”,
- з такой парадай звярнуўся да вернікаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на
плошчы св. Пятра 16 красавіка 2014 г. Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу таямніцы прыніжэння
і смерці Хрыста – драматычным падзеям, якія Касцёл перажывае ў гэтыя дні. У першую
чаргу Папа нагадаў, што літургія Вялікай Серады апавядае пра здраду Юды, які звярнуўся
да першасвятароў з прапановай выдаць ім Настаўніка. “Гэты драматычны акт вызначае
пачатак мукі Хрыста, балючы шлях, які Ён выбраў у поўнай свабодзе. Аб гэтым ясна кажа
Ён сам: “Я аддаю маё жыццё... Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам даю яго. Я маю
ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго”. І так, гэтай здрадай, пачынаецца шлях
прыніжэння і распранання. Езус, нібыта знаходзіцца на рынку: “Гэты каштуе 30 сярэбранікаў”.
І Ён праходзіць шлях прыніжэння і распранання, аж да канца”, - сказаў Папа.
Канчатковага
прыніжэння Хрыстус дасягнуў падчас “крыжовай смерці”, адзначыў Святы Айцец і нагадаў,
што такі “найгоршы” спосаб пакарання прызначаўся для рабоў і злачынцаў. “Езуса лічылі
прарокам, але памёр Ён як злачынец”, - падкрэсліў Пантыфік. “Гледзячы на Езуса падчас
мукі, мы як у люстэрку бачым таксама пакуты ўсяго чалавецтва і знаходзім Боскі адказ
на таямніцу зла, болю, смерці. Часта нас ахоплівае жах з прычыны зла і болю, якія
нас акружаюць і тады мы пытаемся: “Чаму Бог гэта дазваляе?”. Нас глыбока раніць бачанне
пакутаў і смерці, асабліва нявінных! Бачанне пакутаў дзяцей раніць наша сэрца. Гэта
таямніца зла. І Езус бярэ ўсё гэта зло і пакуты на сябе. На працягу гэтага тыдня было
б добра для ўсіх нас глядзець на распяцце, цалаваць раны Езуса, цалаваць распяцце.
Ён узяў на сябе ўсе чалавечыя пакуты”, - сказаў Папа.
Францішак адзначыў,
што людзі заўсёды чакаюць ад Бога “трыумфальнай перамогі” над несправядлівасцю, злом
і грахом, але Ён паказвае іншую перамогу – пакорную, якая ў чалавечых вачах здаецца
паразай. “І можам сказаць: Бог перамагае менавіта паразай. Сын Божы, сапраўды, на
крыжы падаецца чалавекам пераможаным: пакутуе, перажывае здраду, зневажанне і напрыканцы
памірае. Езус дазволіў, каб зло катавала Яго і ўзяў яго на сябе, каб перамагачы. Яго
мука – гэта не выпадковае здарэнне, Яго смерць – гэта смерць – была “запісана”. Сапраўды,
мы не маем шмат тлумачэнняў гэтаму. Гэта таямніца, якая бянтэжыць, таямніца вялікай
пакоры Бога”, - сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што ў той момант, калі
ўсё здаецца страчаным, Бог умешваецца з сілай уваскрасення. “Уваскрасенне Езуса –
гэта не шчаслівы канец прыгожай казкі. Гэта не “happy end” якога-небудзь фільма, але
ўмяшанне Бога Айца там, дзе нішчыцца чалавечая надзея. Момант, калі ўсё здаецца страчаным,
момант болю, калі многія людзі адчуваюць нібыта патрэбу сысці з крыжа, самы блізкі
да ўваскрасення. Ноч становіцца найбольш цёмнай, перад самым світанкам, перад тым,
як заззяе святло. І ў самы цёмны момант умешваецца Бог. Уваскрашае”, - сказаў Папа.
Францішак
нагадаў, што Езус кліча вернікаў ісці за Ім па шляху прыніжэння. Калі ў пэўныя моманты
не знаходзім выхаду з нашых цяжкасцяў, калі адчуваем, што з’яўляемся слабымі і грэшнымі,
менавіта тады нельга хаваць нашай паразы, але трэба з даверам адкрыцца Богу, як зрабіў
Езус, сказаў Святы Айцец.На заканчэнне аўдыенцыі Папа заклікаў вернікаў да разважання
над коштам нашага адкуплення і напоўніць радасцю ўваскрасення свае дамы.