Папскі элемазінарый перадаў рымскім зняволеным падарунак Святога Айца
Зняволеныя рымскай
турмы “Regina Caeli” атрымалі ад Святога Айца каля 1000 кніг, якія ўключаюць чатыры
Евангеліі і Дзеі Апосталаў. Іх перадаў Папскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі.
“Гэта была ўзрушваючая і кранаючая сустрэча. Многія зняволеныя плакалі адчуваючы любоў
Пантыфіка”, - падзяліўся іерарх на заканчэнне візіта ў турму, які працягваўся каля
паўтары гадзіны. Арцыбіскуп Краеўскі адзначыў, што многія зняволеныя дзяліліся сваімі
цяжкасцямі, апавядалі пра патрэбы і запрасілі Святога Айца наведаць іх. Турма “Regina
Caeli” знаходзіцца недалёка ад Ватыкана і таму, на іх думку, для Францішка гэта магла
б быць “проста прагулка”. Папскі элемазінарый у сваю чаргу паразмаўляў з прысутнымі
пра Божую міласэрнасць і нагадаў, што Езус заўсёды прабачае. Затым ён сустрэўся з
валанцёрамі і капеланамі, якія працуюць у гэтай пэнітэнцыярнай установе.