2014-04-19 10:54:40

Францішак у рымскім Калізеі: зло не будзе мець апошняга слова


RealAudioMP3 Каля 40 тыс. чалавек з розных краін свету, у тым ліку дзеці і хворыя, прынялі ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі ў Вялікую пятніцу 18 красавіка 2014 г. Яго ўзначаліў папа Францішак, а разважанні былі падрыхтаваны італьянскім арцыбіскупам Джанкарла Брэганціні. Яны былі прысвечаны ранам сучаснага свету: сацыяльным наступствам эканамічнага крызісу, драмам эмігрантаў, жанчын, якія сталі ахвярамі насілля, зняволеных. Напрыканцы набажэнства папа Францішак скіраваў да вернікаў некалькі словаў. “Бог памясціў на крыж Езуса увесь цяжар нашых грахоў, усе несправядлівасці здзейсненыя кожным Каінам супраць сваго брата, усю горыч здрады Юды і Пятра, усю ганарыстасць магутных, усю пыху фальшывых сяброў. Гэта быў цяжкі крыж, як ноч для пакінутых людзей, цяжкі, як смерць дарагіх асобаў, цяжкі, таму што абагульняе ўсю пачварнасць зла”, - сказаў Папа.

Тым не менш, на думку Святога Айца, гаворка ідзе пра хвалебны крыж – як світанак пасля доўгай ночы, таму што ва ўсім праяўляецца любоў Бога, большая за нашы беззаконні і здрады. “У крыжы мы бачым жахлівасць чалавека, калі ён дазваляе, каб ім кіравала зло; але бачым таксама бясконцую міласэрнасць Бога, які не адносіцца да нас згодна з нашымі грахамі, але паводле сваёй міласэрнасці. Перад абліччам крыжа Езуса, мы бачым настолькі блізка, што з’яўляемся вечна любімымі, што можам дакрануцца да гэтай любові рукамі; перад абліччам крыжа адчуваем сябе “дзецьмі”, а не “рэчамі” ці аб’ектамі”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што “зло не будзе мець апошняга слова, але любоў, міласэрнасць, прабачэнне”. Ён заклікаў памятаць пра хворых і усіх людзей пакінутых пад цяжар крыжа, каб у выпрабаваннях знайшлі сілу для надзеі ўваскрасення і любові Божай.

Тэксты разважанняў Крыжовага шляху былі перакладзена на 7 моваў, а чытала іх, акрамя супрацоўнікаў Ватыканскага радыё, італьянская актрыса Вірна Лізі. Традыцыя правядзення гэтага набажэнства ў рымскім Калізеі мае ужо амаль 40-гадовую гісторыю. Яна была закладзена папам Паўлам VI і з таго часу колькасць вернікаў, якія прымаюць у ім удзел павялічылася ў тры разы. У сувязі з гэтым, каля Калізея і на бліжэйшых вуліцах устанаўліваюцца спецыяльныя экраны, на якія вядзецца тэлетрансляцыя набажэнства.








All the contents on this site are copyrighted ©.