2014-04-22 10:10:08

Былы фатограф Папы: святасць Яна Паўла ІІ праяўляецца ў крыжы


RealAudioMP3 “Тое, што я змог працаваць разам з абодвума будучымі святымі – гэта для мяне вялікі гонар”, - сказаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Артура Мары, які на працягу больш за 50 гадоў з’яўляўся папскім фатографам. Ён суправаджаў Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ не толькі падчас іх публічных сустрэч, але таксама ў вельмі асабістых момантах жыцця. Ён адзначыў, што Добры Папа прыцягваў да сябе людзей сваёй прастатой і ўсмешкай. “Разам з ім дзверы Ватыкану сталі адчыненымі і пачаў ён выходзіць да людзей. Але надзвычайным было тое, што Ян ХХІІІ памятаў пра кожнага са сваіх працаўнікоў. Ён мог раптам павярнуцца і спытацца: “як ідуць справы ў цябе?”, - пахваліўся Артура Мары. Ён таксама нагадаў, што з кардыналам Вайтылаю сустрэўся падчас Другога Ватыканскага Сабору. “Ужо тады можна было заўважыць, што ён адрозніваўся ад іншых”, - сказаў фатограф.

Артура Мары падкрэсліў, што Ян Павел ІІ быў чалавекам малітвы. “Я бачыў вынікі яго малітвы: людзі атрымлівалі назад згубленую веру, супакой, мір і надзею”, - сказаў былы фатограф і дадаў, што назіраў за Янам Паўлам ІІ калі ён маліўся. “Гэта была надзвычайная падзея, падчас якой змяняўся ягоны твар і позірк”, - адзначыў Мары. Ён нагадаў словы Яна Паўла ІІ, які заўсёды казаў, што позірк ніколі не можа здраджваць чалалвека і таму глядзеў сваім суразмоўцам прама ў вочы.

У канцы інтэрв’ю Артура Мары адзначыў, што іконаю 27 гадоў служэння Яна Паўла ІІ Касцёлу і яго святасці з’яўляецца апошняе фота, якое ён зрабіў будучаму святому ў Вялікую Пятніцу. На ім Ян Павел ІІ трымае ў руках крыж у сваёй прыватнай капліцы ў Ватыкане, калі сачыў па тэлебачанні за ходам Крыжовага Шляху ў рымскім Калізеі. “У той момант абапіраўся на гэты крыж і прасіў дапамогі; раней з гэтым крыжам падарожнічаў па ўсім свеце. Крыж заўсёды быў яго сілай і ўвесь яго жыццё было прысвечана таямніцы крыжа”, - сказаў Артура Мары.

Ян Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.